Беларусбанк збіраецца запусціць іпатэку пад 1% на новабудоўлі?
Такія абмеркаванні цяпер ходзяць у сферы, хаця сам банк афіцыйна нічога пакуль не анансаваў.
У сферы нерухомасці пагаворваюць, што Беларусбанк збіраецца запусціць іпатэчнае крэдытаванне з унікальнымі ўмовамі.
Эксперт рынку нерухомасці Мікалай Тукін дзяліўся, што гэта іпатэка будзе для пакупкі новага жылля ў забудоўшчыка — пад 1% на першыя два гады. А пасля нібыта стаўка складзе 15%.
Іншая экспертка Наталля Літоўская піша, што, з яе інфармацыі, Беларусбанк сапраўды рыхтуе нейкую прапанову, дэталі будуць вядомыя, хутчэй, у дзясятых чыслах жніўня.
Літоўская мяркуе, што калі гараджанам сапраўды дадуць магчымасць будавацца пад маленькі працэнт, то забудоўшчыкі падымуць цэны, а другасны рынак страціць палову кліентаў.
«Калі танны крэдыт распаўсюдзяць і на другаснае жыллё — прывітанне, бабушатнікі па $2500», — разважае эксперт.
Сам Беларусбанк планаў аб іпатэцы пакуль не анансаваў.