БЕЛ Ł РУС

Рак можа быць заразным? Навукоўцы выявілі чацвёрты такі выпадак

4.08.2026 / 08:00

Ідаля Салавей

Рак звычайна не заразны. Але ёсць некалькі выключэнняў, калі самі ракавыя клеткі могуць «перасяліцца» ў іншы арганізм і працягнуць там расці. Праўда, гэта не датычыць людзей. Яшчэ нядаўна навуцы былі вядомыя толькі тры віды раку, здольныя распаўсюджвацца паміж жывёламі. Цяпер гэты кароткі спіс папоўніўся чацвёртым прыкладам.

3D-візуалізаваны малюнак ракавых клетак пры вельмі вялікім павелічэнні. Фота: Getty Images

У большасці выпадкаў рак не можа перадавацца паміж жывымі арганізмамі. Але, які піша The Conversation, існуюць рэдкія выключэнні, калі самі ракавыя клеткі аддзяляюцца ад арганізма-носьбіта, трапляюць у новае цела і працягваюць там свой жыццёвы цыкл, бесперапынна дзелячыся. Ніякія вірусы, бактэрыі ці паразіты ў гэтым працэсе не ўдзельнічаюць. Ролю інфекцыйнага агента выконваюць непасрэдна самі ракавыя клеткі.

Да гэтага часу такія выпадкі трансмісіўнага раку былі вядомыя толькі ў трох груп жывёл.

У тасманійскіх д'яблаў пухлінныя клеткі перадаюцца праз укусы, якімі жывёлы абменьваюцца падчас боек або спарвання.

У сабак венералагічная саркома перадаецца паміж партнёрамі праз пашкоджанні слізістых абалонак геніталій.

У марскіх малюскаў механізм іншы. Яны перадаюць ракавыя клеткі адзін аднаму праз ваду, у якой жывуць. Калі малюск, хворы на рак, гіне, ён выкідвае ў ваду велізарную колькасць ракавых клетак крыві. Іншыя малюскі фільтруюць гэтую ваду падчас кармлення і ў працэсе могуць падхапіць чужародныя клеткі.

Цяпер гэты вельмі кароткі спіс папоўніўся яшчэ адным відам. Навукоўцы з Універсітэта Вермонта выявілі ў амерыканскага соміка (Ameiurus nebulosus) рак скуры, які перадаецца ад адной рыбы да другой. Адкрыццё зрабілі падчас вывучэння рыбы з возера Мемфрэмагог на мяжы амерыканскага штата Вермонт і канадскай правінцыі Квебек.

Прыклады меланістычных паражэнняў у амерыканскага соміка з возера Мемфрэмагог: на бакавой паверхні цела рыбы (b), вакол вока (с), на ніжняй частцы жабраў (d), у роце і вакол яго (е). Фота: VT Fish & Wildlife / Nature.com

Чаму перадача анкалагічнага захворвання ад адной жывой істоты другой гэта такая рэдкасць

Для таго каб рак стаў заразным, павінна адбыцца амаль неймавернае супадзенне абставін. Ракавыя клеткі павінны не толькі пакінуць арганізм, але і выжыць па-за ім, трапіць у новага гаспадара, пазбегнуць атакі ягонай імуннай сістэмы і пачаць размнажацца.

Звычайна імунітэт хутка распазнае чужародныя клеткі і знішчае іх. Менавіта таму чалавечы арганізм можа адрынуць перасаджаны орган, калі не выкарыстоўваць прэпаратаў, што прыгнятаюць імунную сістэму.

Яшчэ адна перашкода — генетычныя адрозненні паміж асобінамі. Нават жывёлы аднаго віду адрозніваюцца генетычна настолькі, што чужыя ракавыя клеткі звычайна не могуць прыжыцца. Тасманійскія д'яблы сталі выключэннем, бо іх генетычная разнастайнасць вельмі нізкая.

Амерыканскі сомік. Фота: yooperwebcam.com

Нарэшце, самі клеткі вельмі далікатныя. Па-за арганізмам яны хутка гінуць ад перападаў тэмпературы, сонечнага святла або іншых уздзеянняў. Таму для перадачы такога раку патрэбны вельмі спецыфічныя ўмовы: непасрэдны кантакт, як у д'яблаў і сабак, або асяроддзе, у якім клеткі могуць некаторы час захоўвацца, як марская вада ў выпадку малюскаў.

Ці пагражае гэта чалавеку

Што тычыцца людзей, то навукоўцы не знаходзяць доказаў існавання натуральнага заразнага раку ў людзей.

Існуюць рэдкія выпадкі, калі ракавыя клеткі могуць перайсці ад аднаго чалавека да іншага. Напрыклад, разам з перасаджаным органам, ад маці да плода падчас цяжарнасці або пры выпадковым заражэнні ў лабараторыі. Але гэта адзінкавыя сітуацыі, а не самастойная форма раку, здольная распаўсюджвацца паміж людзьмі.

Таксама важна адрозніваць заразны рак ад анкалагічных захворванняў, выкліканых вірусамі, такімі як вірус папіломы чалавека, дзе інфекцыяй з’яўляецца вірус, а не сама клетка.

Тым не менш вывучэнне заразных відаў раку ў жывёл можа шмат чаму навучыць нас у дачыненні да раку ў чалавека. Гэта дапаможа зразумець, як пухліны эвалюцыянуюць, як яны абыходзяць імунную сістэму і якім чынам распаўсюджваюцца. Гэта дазваляе лепш зразумець біялогію раку ў цэлым, выяўляючы тыя асаблівасці, якія немагчыма заўважыць пры вывучэнні ракавых захворванняў толькі ў чалавека.

Чытайце таксама:

Навукоўцы ствараюць бактэрыі, здольныя з'ядаць ракавыя пухліны знутры

Устойлівыя да раку жывёлы — надзея для чалавека

Гэты беларус даследуе рак — вось што ён кажа пра SPF ад меланомы, навуковы прагрэс і самы складаны ў лячэнні рак

Каментары да артыкула