БЕЛ Ł РУС

Арыяна Грандэ прыпыняе кар'еру. Апошнім часам фанаты хвалююцца, што спявачка экстрэмальна пахудзела

3.08.2026 / 16:53

Ідаля Салавей

Амерыканская спявачка Арыяна Грандэ пасля завяршэння гастрольнага тура часова адыдзе ад публічнага жыцця. Афіцыйная прычына — бясконцыя і няспынныя абмеркаванні яе знешнасці.

Амерыканская спявачка Арыяна Грандэ на 31‑й цырымоніі ўручэння прэмій Critics Choice Awards у Санта-Моніцы (штат Каліфорнія), 4 студзеня 2026 года. Фота: Richard Shotwell / Invision / AP

Амерыканская спявачка Арыяна Грандэ пасля завяршэння гастрольнага тура Eternal Sunshine возьме паўзу і часова адыдзе ад публічнага жыцця. Пра гэта часопісу People паведаміў яе прадстаўнік.

Паводле яго слоў, апошнія гады пастаянная ўвага да спявачкі і няспынныя абмеркаванні яе знешнасці сталі для яе занадта цяжкімі.

«Яна з нецярпеннем чакае фіналу гастроляў і хоча скончыць іх на высокай ноце — застаючыся здаровай і шчаслівай. Пасля гэтага яе чакае заслужаны адпачынак ад працы, звязанай з публічнымі выступленнямі і з'яўленнем на людзях, якія сталі падставай для бясконцых і няспынных абмеркаванняў», — цытуе выданне словы прадстаўніка спявачкі.

Грандэ таксама адмовілася ад удзелу ў лонданскай пастаноўцы мюзікла «Нядзеля ў парку з Джорджам» (Sunday in the Park with George). Пры гэтым пра завяршэнне кар'еры не ідзе гаворкі: яна выканае ўсе запланаваныя канцэрты, пасля чаго зробіць перапынак.

Прычынай такой увагі апошнія некалькі гадоў была не толькі творчасць спявачкі, але і яе знешнасць. У сацыяльных сетках і таблоідах рэгулярна абмяркоўвалі, што Грандэ моцна схуднела, з-за чаго ўзнікалі шматлікія здагадкі пра яе фізічнае і псіхічнае здароўе.

Спявачка неаднаразова прасіла не каментаваць яе знешнасць. У 2023 годзе яна звярнулася да тых, хто параўноўваў яе новыя фатаграфіі са старымі і сцвярджаў, што раней яна выглядала здаравей. Грандэ адказала, што менавіта ў той перыяд перажывала адзін з самых цяжкіх этапаў свайго жыцця: прымала шмат антыдэпрэсантаў, ужывала алкаголь, дрэнна харчавалася і мела праблемы са здароўем. Яна заклікала не рабіць высноў пра здароўе чалавека толькі па яго знешнім выглядзе.

Арыяна Грандэ на цырымоніі ўручэння прэміі «Грэмі» ў Лос-Анджэлесе, 26 студзеня 2020 года. Фота: Jordan Strauss/Invision/AP, Fil

Новая хваля такіх абмеркаванняў узнялася пасля выхаду кліпа на песню Petal з аднайменнага альбома, які выйшаў 31 ліпеня.

Арыяна Грандэ ў апошнім кліпе. Кадр з кліпа

33‑гадовая Арыяна Грандэ — адна з самых вядомых поп-спявачак сучаснасці. Яна нарадзілася ў амерыканскім штаце Фларыда і спачатку праславілася як актрыса падлеткавых серыялаў «Вікторыя-пераможца» (Victorious) і «Сэм і Кэт» (Sam & Cat). Сусветную вядомасць ёй прынесла музыка: з 2013 года Грандэ выпусціла сем студыйных альбомаў, атрымала тры прэміі «Грэмі».

Зрэшты, з публічнай прасторы Грандэ не знікне адразу. 25 лістапада адбудзецца прэм'ера камедыі «Знаёмства з Факерамі» (Focker-in-Law) — новай часткі франшызы «Знаёмства з бацькамі» (Meet the Parents), дзе спявачка выканала адну з роляў разам з Бэнам Стылерам і Робертам Дэ Ніра.

Чытайце таксама:

Спявачка Арыяна Грандэ запатрабавала ад Белага дома не выкарыстоўваць яе песень у антыіміграцыйных роліках

Каментары да артыкула