БЕЛ Ł РУС

Залужны: Украіна ніколі не будзе ў НАТА

4.08.2026 / 07:40

Nashaniva.com

На думку былога камандуючага УСУ патрэбныя іншыя саюзы.

Photo by Finnbarr Webster Getty Images

Былы галоўнакамандуючы УСУ і пасол Украіны ў Вялікабрытаніі генерал Валерый Залужны скептычна выказаўся наконт перспектыў уступлення Украіны ў НАТА і назваў альтэрнатывай для Кіева далучэнне да іншых абаронных саюзаў, якія цяпер фарміруюцца. Такія заявы ён зрабіў падчас агульнай нарады паслоў Украіны, якая адбылася ў Кіеве ў панядзелак, піша «Украінская праўда».

Падчас абмеркавання тэмы еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны Залужнага папрасілі пракаментаваць пытанне партнёрства Кіева з Аб'яднанымі экспедыцыйнымі сіламі (Joint Expeditionary Force, JEF) — кааліцыяй, створанай дзесяццю дзяржавамі Паўночнай Еўропы для бяспекі ў рэгіёне. Адказваючы, Залужны таксама закрануў тэму магчымасці ўступлення Украіны ў НАТА.

«Я вельмі добра ведаю НАТА. Каля дванаццаці гадоў асабіста займаўся тым, каб мы засвоілі стандарты НАТА. І кожны год слухаў казкі пра тое, што вось-вось-вось мы ўступім у НАТА. На жаль, мы ніколі ў яго не ўступім!» — заявіў былы галоўнакамандуючы УСУ.

Паводле слоў Залужнага, перашкодай для ўступлення Украіны ў альянс з'яўляецца тое, што «немагчыма далучыцца з тым узроўнем развіцця, які сёння маюць Узброеныя сілы Украіны… да арганізацыі, якая кіруецца дактрынамі Другой сусветнай вайны».

Пры гэтым былы галоўнакамандуючы не лічыць, што НАТА ў найбліжэйшы час зменіць падыход да сваёй унутранай арганізацыі.

«Хутчэй за ўсё, НАТА застанецца ў тым выглядзе, у якім яно ёсць. І пройдзе яшчэ гадоў дванаццаць, пакуль Украіна будзе пераходзіць на стандарты, якіх неабходна дасягнуць, каб хаця б наблізіцца да паловы ўзроўню Расійскай Федэрацыі», — сказаў Залужны.

Нягледзячы на такую ацэнку, былы вайсковец і дыпламат прызнаў, што «Украіне патрэбныя тэхналогіі, якія на сённяшні дзень яшчэ ёсць у краінах НАТА», у тым ліку ў сферы супрацьракетнай абароны. Альтэрнатывай гарантавання бяспекі Украіны былы галоўнакамандуючы бачыць удзел краіны ў новых і тых, што яшчэ фарміруюцца, абаронных саюзах — такіх як JEF.

«Украіна… будзе далучацца да блокаў і саюзаў, якія, відаць, будуць узнікаць. Найхутчэй гаворка пойдзе пра еўрапейскі ваенна-бяспекавы блок», — заявіў Залужны.

Аб'яднаныя экспедыцыйныя сілы былі створаныя ў 2015 годзе. У гэтую кааліцыю пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі ўваходзяць Данія, Фінляндыя, Эстонія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нідэрланды, Швецыя і Нарвегія. Мэтай кааліцыі з'яўляецца забеспячэнне бяспекі ў Паўночнай Еўропе, уключаючы Балтыйскі рэгіён і Арктыку.

У снежні 2025 года Украіна атрымала статус пашыранага партнёра JEF. Пры гэтым кааліцыя супрацоўнічае з НАТА ў пытаннях стрымлівання Расіі на моры, а таксама заяўляла пра гатоўнасць ужыць жорсткія меры супраць так званага «ценявога флоту» Расіі.

Залужны выказаў шкадаванне з нагоды таго, што, паводле яго слоў, Украіна не працуе над паўнавартасным уступленнем у JEF. У той жа час былы галоўнакамандуючы адзначыў, што органы кіравання гэтай кааліцыі «пакуль даволі слабыя» і «яшчэ не знаходзяцца на тым узроўні, каб можна было сказаць, што яны нам падыходзяць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула