БЕЛ Ł РУС

Хлопец у Маладзечне кінуў завод з мізэрным заробкам і стаў расклейшчыкам аб'яваў

5.08.2026 / 08:41

Nashaniva.com

Заробак на заводзе, дзе Андрэй рабіў станочнікам, быў 600 рублёў пры васьмігадзінным працоўным дні. Зараз галоўнае, каб заробак быў не менш за 2000 рублёў.

Андрэю 21 год. Расклейваць аб’явы ён пайшоў не ад добрага жыцця, а таму, што іншай нармальнай, на яго думку, працы знайсці не можа, піша Kraj.by.

Хлопец скончыў каледж па спецыяльнасці станочніка, хоць прызнае: у сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову ён пайшоў не з вялікай любоўю да станкоў, а проста таму, што кудысьці трэба было ісці вучыцца.

— Пасля каледжа я на працягу года адпрацоўваў на прадпрыемстве ў Маладзечанскім раёне. Стаўленне да мяне было дрэннае. Патрабавалі шмат, а плацілі мала, — расказвае Андрэй. — Фактычна я атрымліваў палову заробку. 100 рублёў мне плацілі авансам. 500 рублёў я атрымліваў у якасці зарплаты. Разам — каля 600 рублёў у месяц пры васьмігадзінным рабочым дні і пяцідзённым рабочым тыдні.

Майстар мне казаў, што я ўсяму павінен навучыцца сам, адпраўляў да іншых рабочых па дапамогу, але ўсім ім было не да мяне. Так я толкам нічому не навучыўся і вырашыў, што трэба шукаць іншую працу.

Пра тое, што патрабуюцца расклейшчыкі аб’яў, Андрэй даведаўся ў інтэрнэце.

Офіс працадаўцы знаходзіцца ў Мінску. Спачатку Андрэй клеіў аб’явы толькі ў сталічных пад’ездах. Працаваць даводзілася, ды і цяпер даводзіцца, у розных раёнах сталіцы. Да месца расклейкі аб’яў дабіраешся самастойна.

— Выязджаў з Маладзечна на электрычцы ў 07:20. У 09:20 я ўжо быў у офісе. Там трэба прыкладна паўгадзіны, каб расфасаваць аб’явы, раскласці іх. Потым яшчэ каля гадзіны траціш на тое, каб дабрацца да раёна, у які цябе накіроўваюць. Сама работа па расклейцы займае каля чатырох гадзін. Назад у Маладзечна я вяртаўся, садзячыся на электрычку ў 16:00 або 16:50, — расказвае наш суразмоўца.

— Складана сказаць, колькі грошай можна зарабіць за месяц пры такім графіку, — разважае Андрэй. — Усё залежыць ад таго, колькі дзён ты гатовы працаваць у такім рэжыме.

Але за дзень у мяне атрымлівалася недзе 45—50 рублёў. Гэта значыць, асабліва не напружваючыся і працуючы 20 дзён у месяц, можна зарабляць 1000 рублёў. Ну а той, хто жыве ў Мінску, бярэ большы аб’ём работы і зарабляе да 2000 рублёў.

На сённяшні дзень Андрэй ужо каля месяца клеіць аб’явы ў сваім Маладзечне, але зноў жа па заданні сталічнай фірмы. Кіраўніцтва кампаніі ідзе насустрач і, калі ёсць праца ў Маладзечне, пакідае свайго супрацоўніка ў родным горадзе, хоць і не кожны тыдзень. Ездзіць у Мінск усё роўна даводзіцца.

— Ну а працуючы ў Маладзечне, атрымліваю заданне з указаннем канкрэтных раёнаў і пачынаю іх адпрацоўваць. За тыдзень у сваім горадзе я магу клеіць аб’явы чатыры ці пяць дзён на тыдзень і зарабіць за гэты тыдзень 400 рублёў. Цалкам нармальная адпаведнасць аб’ёму работы і заробку, — адзначае Андрэй.

— Вось сёння, напрыклад, расклейваю шэсць відаў аб’яў.

Складаней працаваць з дамамі, у якіх мала пад’ездаў. Адпаведна, трэба абысці больш дамоў, бо колькасць аб’яў застаецца такой жа. У гэты дзень іх было прыкладна 200.

Вельмі важна, на якую аснову клеіш аб’яву. Не ў кожным пад’ездзе ёсць драўляная дошка. Калі яна ёсць — гэта значна зручней, бо клей лепш трымаецца.

Начальства, выдаючы заданне, перадае свайму работніку карту раёна горада, які ў гэты дзень трэба абклеіць. У якасці справаздачы кіраўніцтву неабходна адправіць назад тую ж карту з дамамі, на якіх вісяць аб’явы, пазначыўшы іх крыжыкамі. Таксама трэба выбарачна даслаць фатаграфіі дошак з тваімі аб’явамі.

— А ўчора нават дырэктар з Мінска прыязджаў, каб асабіста паглядзець вынікі маёй работы, — адзначыў Андрэй.

Разам з тым праца не самая ўдзячная. Далёка не ўсім жыхарам падабаюцца «ўпрыгожванні» на іх пад’ездах у выглядзе рэкламы.

За тыя паўгадзіны, за якія размаўлялі з Андрэем, з аднаго з пад’ездаў зніклі ўсе вынікі яго працы. Нейкі бязлітасны жыхар проста сарваў усе шэсць аб’яў і выкінуў іх.

Якая самая смешная аб’ява, якую яму даводзілася расклейваць на пад’ездах дамоў.

Андрэй усміхнуўся і сказаў:

— Я нават магу паказаць фатаграфію такой аб'явы! У Мінску яго расклейваў!

Хлопец паведаміў, што шукае сабе дзяўчыну, і нават прыклаў сваю фатаграфію. Пры бліжэйшым разглядзе аб’явы высвятляецца, што харызматычны і добры хлопец Лёша, якому 19 гадоў, «дастаткова свядома шукае сабе дзяўчыну».

«Калі я табе знешне спадабаўся, то, можа, паспрабуем пагутарыць? Раптам сапраўды нешта атрымаецца», — звяртаецца Лёша да сваёй патэнцыйнай выбранніцы.

У Маладзечне таксама ёсць аб’явы, якія выклікаюць усмешку. Вось, напрыклад, нехта гатовы купіць любую нерухомасць — кватэру, пакой, долю жылля. Абяцае пагасіць даўгі, крэдыты, аплаціць прыватызацыю, адразу ж унесці аванс за нерухомасць.

Але пры гэтым уплывовы ўдзельнік рынку нерухомасці чамусьці дагэтуль не зарабіў сабе на камп’ютар і піша свае аб’явы ад рукі.

Сям’я Андрэя — гэта яго мама і старэйшая сястра. Абедзве працуюць. Сястра, напрыклад, у Мінску працуе на інтэрнэт-рэсурсах.

Хлопец кажа, што гатовы кінуць сваю дзейнасць па расклейцы аб’яў, але толькі ў тым выпадку, калі знойдзе працу, дзе плацяць больш. Разглядае, напрыклад, варыянт працы начным камплектоўшчыкам.

Галоўнае, каб заробак быў не менш за 2000 рублёў на рукі.

Праўда, Андрэй сумняваецца, што такую працу можна знайсці ў Маладзечне. А вось верагоднасць таго, што ён пойдзе працаваць станочнікам па сваёй спецыяльнасці, цалкам выключае.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула