БЕЛ Ł РУС

«Я трымаў дзве галоўкі часнаку, а ён ляцеў за мной». Прадавец з Херсона расказаў, як за ім ганяўся расійскі дрон

5.08.2026 / 11:49

Nashaniva.com

Украінскія ўлады назвалі гэта чалавечым сафары.

52‑гадовы Юрый, гандляр гароднінай на рынку ў Херсоне. Дрон пераследаваў яго вакол гандлёвага фургона, а потым узарваўся побач. Юрый атрымаў шматлікія асколачныя раненні спіны і ног, але зараз яго стан ацэньваецца як стабільны, піша Euronews.

Юрый згадвае, што дзень пачынаўся як звычайна. Ён з жонкай прыехаў, стаў раскладваць тавар, прыпаркаваўшы фургон на фермерскім рынку.

«Мы толькі пачалі раскладваць гародніну. Я толькі паставіў тэнты і пачаў выносіць скрыні. Жонка таксама была там», — расказаў 52‑гадовы мужчына з бальнічнай палаты.

«Мы пачулі гул, яго не было відна, ён вылецеў аднекуль з-за рынку, з кустоў, і ляцеў вельмі нізка», — дадаў ён.

На кадрах, пазней апублікаваных Нацыянальнай паліцыяй Украіны, бачна, як невялікі FPV‑дрон з'яўляецца над рынкам і пачынае пераследаваць мужчыну ў цёмнай вопратцы, які бегае вакол свайго белага фургона.

Дрон зніжаецца і змяняе напрамак, скіроўваючыся за яго рухамі.

Юрый кажа, што яго жонка кінулася бегчы, як толькі пачула шум. Дрон, згадвае ён, пасля гэтага нібыта нацэліўся толькі на яго.

«Жонка пачала ўцякаць, а ён стаў разварочвацца, накіроўваючыся да машыны», — кажа ён.

«Я жэстыкуляваў яму, маўляў: «Глядзі, вось гародніна», але ён пачаў пікіраваць на мяне. Я пабег, урэзаўся ў машыну. Апынулася, мы выраўняліся па адной лініі, ён ударыў, і я проста ўпаў. Потым убачыў, што машына пашкоджана», — расказвае Юрый.

Мужчына сцвярджае, што на месцы нападу не было нічога, што хоць аддалена магло б выглядаць як ваенная мэта.

«Я яго не здымаў, нічога такога. Я наогул трымаў часнок. Калі паглядзець відэа, у мяне ў руках дзве галоўкі часнаку. Я паказваў яму: «Глядзі, тут толькі сельгаспрадукцыя»», — кажа ён.

«Вы самі бачылі на відэа, што калі я ўцякаў ад яго з таго боку, ён апускаўся пад парасонам. Ён бачыў, што там ужо ляжалі памідоры, нейкія агуркі, баклажаны на зямлі. То бок там нічога іншага не было».

Напад быў ахарактарызаваны ўкраінскімі ўладамі як частка больш шырокай практыкі «чалавечага сафары» — удараў па цывільных асобах.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітры Лубінец заявіў, што «відэа паказвае сапраўдную тактыку Расіі: пераследаваць і забіваць нявінных людзей».

«Свет не павінен адводзіць позірк. Менавіта так Расія палюе на мірнае насельніцтва», — заявіў Лубінец.

Назіральнікі ААН паведамляюць пра рэзкі рост колькасці цывільных ахвяр атак з ужываннем дронаў у гэтым годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула