БЕЛ Ł РУС

У Нясвіжы з вялікай зніжкай прадаюць стогадовую вілу польскіх чыноўнікаў. За што яе хвалілі міжваенныя крытыкі?

10.08.2026 / 07:30

Ф. Раўбіч

Вытанчаны будынак, узведзены стагоддзе таму найлепшымі варшаўскімі архітэктарамі для новай эліты, за савецкім часам пабыў звычайнай стаматалогіяй, а цяпер шукае новага гаспадара.

Былы дом з чыноўніцкай «калоніі» ў Нясвіжы. Архітэктура будынка адсылае да вобразу класічнай шляхецкай сядзібы. Фота: БУТБ-Маёмасць

У Нясвіжы выстаўлены на продаж будынак з падвалам па вуліцы Сыракомлі, 21. Таргі прызначаныя на 28 жніўня. Пачатковая цана лота складае крыху больш за 170 тысяч рублёў. Яшчэ ў маі гэтага года мясцовыя ўлады спрабавалі прадаць гэты ж аб'ект за 341 тысячу, аднак купцоў на гістарычную нерухомасць тады не знайшлося. Цяпер цану зрэзалі роўна напалову.

У аўкцыённых дакументах лот празаічна называецца «будынкам зубапратэзнай», бо менавіта такую функцыю ён выконваў у часы, калі належаў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы. Але яго архітэктура выразна сведчыць пра больш цікавую гісторыю — гэта адзін з дамоў былой «чыноўніцкай калоніі» — спецыяльнага пасёлка для дзяржаўных служачых, які цяпер уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Першапачатковы праект калоніі аўтарства архітэктара Тэадора Буршэ і інжынера Юзафа Крупы прадугледжваў пабудову прынамсі 15 мураваных дамоў для польскіх чыноўнікаў. Фота: yozas_gubka

У 1920‑я гады Нясвіж стаў павятовым цэнтрам Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Каб заахвоціць чыноўнікаў з цэнтральных польскіх рэгіёнаў пераязджаць на так званыя «ўсходнія крэсы», гэта значыць на беларускія і ўкраінскія землі, улады ініцыявалі маштабную праграму пабудовы элітнага жылля. Грошы на гэта выдаткоўвала непасрэдна Міністэрства фінансаў, а працамі кіравала Міністэрства грамадскіх работ. Падобныя ўрадавыя кварталы, пабудаваныя паводле найвышэйшых тагачасных стандартаў урбаністыкі, з развітай інфраструктурай і зялёнымі садамі, узніклі ў Брэсце, Баранавічах, Стоўбцах, Браславе і Навагрудку.

Чыноўніцкая калонія на малюнку пачатку 1920‑х. Фота: yozas_gubka

Нясвіжская калонія будавалася на тэрыторыі былога фальварка Зарэчча. Да стварэння гэтага ансамбля прыклалі руку адразу двое выбітных варшаўскіх архітэктараў таго часу — Ежы Бэйль і Тэадор Буршэ.

Згодна з матэрыяламі Міністэрства грамадскіх работ Другой Рэчы Паспалітай, архітэктар Ежы Бэйль праектаваў калоніі ў Слоніме і Бельску-Падляшскім. А вось стварэнне ўрадавага квартала ў Нясвіжы было даручана Тэадору Буршэ. Разам з інжынерам Юзафам Крупам ён распрацаваў генеральны план элітнага пасёлка, які павінен быў складацца з 15 мураваных дамоў, і кіраваў усёй нясвіжскай будоўляй.

Праўда, галоўны будынак нясвіжскай калоніі — Дом старасты, быў узведзены па тыпавым праекце Бэйля, а вось два бакавыя, адзін з якіх выстаўлены на аўкцыён, якраз пабудаваныя па асабістым праекце Буршэ. Астатнія будынкі так і не былі пабудаваныя, праект не быў завершаны з-за недахопу сродкаў.

Будаўніцтва чыноўніцкай калоніі ў Нясвіжы. Аўтарамі праекта забудовы называюцца архітэктары Тэадор Буршэ і Юзаф Крупа, а аўтарам праектаў саміх дамоў — Буршэ. Фота: «Czterdzieści miast-ogrodów»

Тым не менш, прафесійныя крытыкі таго часу на старонках выдання «Sztuki Piękne» адзначалі, што нясвіжскія дамы ідэальна гарманавалі з мясцовым пейзажам і мелі «проста-такі камфортнае» (wprost komfortowe) ўнутранае ўладкаванне.

Выстаўлены цяпер на аўкцыён дом, паўднёвы з трох, быў разлічаны на дзве сям’і. Дом немаленькі — сёння яго плошча ацэньваецца як звыш 270 квадратных метраў. 

План урадавай калоніі ў Нясвіжы. Фота: yozas_gubka

Постаць самога Тэадора Буршэ вартая асобнай увагі. Этнічны немец па паходжанні (яго прозвішча пісалася як Bursche), пасля Першай сусветнай вайны ён свядома змяніў напісанне на польскі лад (Bursze), каб падкрэсліць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

Акрамя праектавання жылых кварталаў для чыноўнікаў на ўсходзе, Буршэ пазней кіраваў рэстаўрацыяй замка ў Міры і праводзіў перабудовы ў самім Нясвіжскім замку Радзівілаў.

Фасады і планы дома. Фота: yozas_gubka

Для нясвіжскай калоніі архітэктар абраў так званы «сядзібны стыль» (styl dworkowy), або міжваенны рамантызм. Гэты архітэктурны кірунак быў надзвычай папулярны ў Другой Рэчы Паспалітай.

Яго галоўная ідэя заключалася ў тым, каб візуальна апраўдваць і ўкараняць польскую прысутнасць на далучаных землях праз зварот да вобразаў традыцыйнага шляхецкага гнязда. Высокія ламаныя дахі, калоны, ганкі і ўтульныя прапорцыі павінны былі нагадваць пра часы Рэчы Паспалітай і ствараць адчуванне гістарычнай пераемнасці.

Выгляд і план дома. Фота: yozas_gubka

У безжыццёвых апісаннях лотаў няма не толькі нічога пра гістарычнае і архітэктурнае значэнне, аўтараў і стыль, але нават і дата пабудовы памылковая. Дом называюць будынкам пабудовы 1935‑га года, але ён быў збудаваны раней — у перыяд з 1924 па 1926 гады.

Новы ўласнік будзе павінен падпісаць ахоўнае абавязацельства, цягам трох месяцаў звярнуцца ў Міністэрства культуры па дазвол на навукова-даследчыя працы, і цалкам завяршыць рэканструкцыю за тры гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула