Дзевяцігадовую дзяўчынку ў Мінску махляры прымусілі астрыгчы сабе валасы
Спачатку махляры патэлефанавалі школьніцы ад імя аператара мабільнай сувязі і папрасілі назваць адрас пражывання, куды нібыта павінны былі даслаць папяровую дамову.
Потым сітуацыя пайшла па звыклай схеме. Яны выманілі ў дзіцяці код з SMS-паведамлення, нібыта для пацвярджэння паслугі, паведамляе «Міліцыя Мінска».
Адразу пасля гэтага дзяўчынцы патэлефанаваў у месенджары іншы незнаёмы, які прадставіўся супрацоўнікам праваахоўных органаў. Ён папракнуў школьніцу за тое, што яна паведаміла код «злачынцам», і заявіў, што цяпер яе бацькоў пасадзяць у турму, а яе саму адправяць у дзіцячы дом.
Мужчына загадаў дзяўчынцы абшукаць кватэру ў пошуках бацькоўскіх зберажэнняў.
Калі ж яна не знайшла грошай, ён раззлаваўся і пачаў даваць бессэнсоўныя заданні: выкінуць у акно пульт ад тэлевізара, пакласці тэлефон у мікрахвалевую печ і абрэзаць сабе валасы.
Школьніца спалохалася і выканала ўсе ўказанні, але незнаёмы працягваў груба з ёй размаўляць. Тады дзяўчынка паклала слухаўку і патэлефанавала маці. Жанчына адразу вярнулася з працы дадому і паведаміла пра здарэнне ў міліцыю.
Супрацоўнікам міліцыі дзяўчынка прызналася, што ведала пра схемы, якімі карыстаюцца ашуканцы, і абмяркоўвала гэта з бацькамі. Аднак калі сама трапіла ў такую сітуацыю, разгубілася і спалохалася.