БЕЛ Ł РУС

У Падмаскоўі беларускі бомж забіў расійскага бамжа

9.08.2026 / 15:26

Nashaniva.com

Здалі бутэлькі і слоікі, купілі самагон, а пасля пасварыліся.

Ілюстрацыйнае фота

У чэрвені 2024 года бяздомны беларус Аляксандр Гаціцкі (нарадзіўся ў Мінску, але быў зарэгістраваны ў Нясвіжскім раёне) забіў свайго сабутэльніка.

Гаціцкі і расіянін Аляксандр Краснікаў жылі ў сутарэнні аднаго з дамоў Падольска, горада ў Падмаскоўі. Неяк яны здалі бутэлькі, а на выручаныя грошы купілі самагон. Калі выпілі, пасварыліся. Спачатку абражалі адзін аднаго, пасля дайшло да бойкі.

Гаціцкі ўзяў бутэльку і ўдарыў ёй па галаве Краснікава. Бутэлька не разбілася, ён выкінуў яе ў кусты. Пасля гэтага ўдарыў Краснікава ў вока, ад чаго той упаў. Ляжачаму на спіне прыяцелю нанёс нагамі некалькі ўдараў у грудзі і тулава. Той больш не ўставаў.

Затым беларус заснуў. Калі прачнуўся, Краснікаў працягваў ляжаць на тым жа месцы. Гаціцкі адправіўся на сметніцу пашукаць ежы, пасля пайшоў па справах і толькі пазней ад знаёмых даведаўся, што Краснікаў памёр.

У судзе Гаціцкі сваю віну не прызнаў, ён сцвярджаў, што ў момант злачынства спаў у сутарэнні, а прызнальныя паказанні на следстве даў пад ціскам.

Давялося слухаць сведак — такіх жа бяздомных. Яны казалі, што шукалі бутэлькі і бачылі, як п'яныя Гаціцкі і Краснікаў ляжаць побач. Краснікаў моцна хроп, а з яго галавы цякла кроў.

Прысуд Гаціцкаму — 7 гадоў строгага рэжыму. З яго збіраюцца спагнаць прыкладна $8000, праўда, узяць іх няма адкуль.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула