БЕЛ Ł РУС

Шрайбман: Ад адных чую, што Мінск стаў пустым і ўсе чакаюць вяртання людзей. А іншая пазіцыя: усё нармальна, з’ехалі — на здароўе

9.08.2026 / 20:57

Nashaniva.com

«Я хацеў бы, каб мае жыццёвыя абставіны складваліся так, каб я мог вярнуцца ў Беларусь».

Арцём Шрайбман. Скрыншот: ютуб-праграма «Гадзіннічак цікае»

Аналітык Арцём Шрайбман у праграме «Гадзіннічак цікае» разважаў, што людзі ўнутры краіны па-рознаму глядзяць на магчымае вяртанне пасля перамен тых, хто з'ехаў пасля 2020.

«Калі казаць пра людзей унутры Беларусі, я бачу два відавочныя лагеры. Я чую вельмі шмат ад людзей, што Мінск стаў пустым і ўсе чакаюць прынамсі якога-небудзь вяртання людзей, якія з’ехалі — і медыкаў, і айцішнікаў, і людзей крэатыўных прафесій. Але таксама сустракаецца і іншая крайняя пазіцыя: усё нармальна, не заўважна, з’ехалі — на здароўе».

Пра сябе Шрайбман адказвае:

«Я, як і раней, хацеў бы, каб мае жыццёвыя абставіны складваліся так, каб я мог вярнуцца ў Беларусь. Я тут не магу казаць толькі пра развіццё падзей у Беларусі, тут ужо немагчыма думаць пра гэта пытанне ў адрыве ад уласнай сямейнай сітуацыі. Калі ў мяне на момант пераменаў у Беларусь дзіцёнак будзе, напрыклад, у шостым класе, гэта [вяртанне] цяжка сабе ўявіць. Але калі яна будзе ўжо дарослым чалавекам і будзе будаваць сваё жыццё сама, то тут можна будзе разважаць.

Мы дакладна — мы гэта абмяркоўвалі з жонкай — хацелі б прыехаць на пенсію ў Беларусь, на хутарочак».

Арцём падкрэсліў, што бліжэй да канца жыцця хацеў бы большую частку часу праводзіць у Беларусі. А пакуль працуе, калі здарацца перамены, ён бы жыў на дзве краіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула