Украінскі падлетак, які лічыўся зніклым без вестак, аказаўся ў шэрагах расійскай арміі і ваюе супраць Украіны
Праваабаронцы называюць гэта першым пацверджаным выпадкам такога кшталту.
19‑гадовага Аляксандра Мусцяцэ з вёскі Крынкі Херсонскай вобласці, якога Украіна лічыла выкрадзеным і без вестак зніклым, заўважылі ў шэрагах Узброеных сіл РФ. Яго гісторыю расказаў праект Back to Ukraine, які займаецца пошукам украінскіх дзяцей, дэпартаваных або вывезеных Расіяй, піша Astra.
Мусцяцэ знік у 2022 годзе, незадоўга да свайго 15-годдзя, калі расійскія войскі занялі Крынкі. Яго ўнеслі ў дзяржаўны рэестр «Дзеці вайны», які адсочвае лёс зніклых непаўналетніх. Яго старонка ў сацыяльных сетках не абнаўлялася з 16 лістапада 2025 года — актывісты Back to Ukraine сур'ёзна асцерагаліся, што ён мог загінуць.
Нядаўна актывісты знайшлі яго старонку ў VK: там Мусцяцэ публікуе фатаграфіі ў форме расійскай арміі з сімволікай «Z» і расійскім трыкалорам, здымкі з пазіцый, а на адным з пазнейшых фота — з бінтам, верагодна, пасля ранення. «Мы ўстанавілі: Аляксандр не знік. Ён ваюе. На баку Расіі. Супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленні Back to Ukraine.
Актывісты напісалі яму непасрэдна, каб даведацца пра матывы. Мусцяцэ адказаў толькі двума фразамі: «Так я ж за свой бок заўсёды. Расія заўсёды ў маім сэрцы была» — і на далейшыя пытанні адказваць не стаў.
«На наш погляд, нават гэтыя два сказы — не проста асабістая пазіцыя. Гэта вынік глабальнай расійскай стратэгіі інфармацыйнага і адукацыйнага ўздзеяння на ўкраінскіх дзяцей», — лічаць у Back to Ukraine.
Паводле слоў кіраўніка арганізацыі Save Ukraine і ўпаўнаважанага прэзідэнта Украіны па правах дзіцяці Мікалая Кулебы, гэта першы вядомы выпадак, калі ўкраінскае дзіця, якое лічылася выкрадзеным, пасля дасягнення паўналецця ўступіла ў войскі, якія ваююць супраць Украіны.