БЕЛ Ł РУС

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

10.08.2026 / 09:01

Nashaniva.com

«Я ўсё яшчэ не ведаю прычын смерці… Натуральная смерць ці не? І лічу за лепшае — таксама зразумела для сябе — не думаць пра гэта».

Мікіта Мелказёраў

Ліна Цапава, жонка вядомага беларускага блогера і журналіста Мікіты Мелказёрава, які раптоўна памёр у снежні 2025 года ва ўзросце 37 гадоў, упершыню падрабязна расказала пра ноч яго смерці. Гэта яна зрабіла ў сумесным падкасце з іншай маладой удавой — беларускай айцішніцай і блогеркай Дашай Беланоўскай, у якой муж загінуў у ДТЗ.

Мікіта Мелказёраў — заснавальнік папулярнага ютуб-праекта «Жыццё-маліна», у якім браў інтэрв'ю ў вядомых беларусаў, вядучы праекта пра беларускую гісторыю «Загляне сонца» і сузаснавальнік праграмы «Мова Нанова» на «Белсаце».

«Гэта было апошняе фота»

Ліна расказала, што апошні вечар перад смерцю мужа быў «бестурботным і прыемным» — яны глядзелі калядныя фільмы і елі яго любімую ежу:

«У нас быў супербестурботны такі вечар, прыемны… Мы глядзелі калядныя фільмы, елі вельмі шмат класнай, смачнай ежы. Мяне доўгі час супакойвала думка пра тое, што ў гэты вечар мы рабілі вельмі шмат рэчаў, якія ён любіў — проста па спісе елі ежу, якую ён любіў, абдымаліся, гаварылі адно аднаму нейкія прыемнасці».

У той вечар Мікіта паспеў зрабіць апошняе сумеснае фота:

«Ён нават здолеў зрабіць фота. Канечне, ніхто не разлічваў, што яно будзе апошнім нашым сямейным фота, дзе мы ляжым у ложку… усміхаемся. Яно дагэтуль захавана ў мяне».

«Я знайшла яго дома ў ваннай»

Уначы Мікіта памёр. Ліна расказала, што менавіта яна знайшла яго цела:

«Ну і ноччу ён памёр. Уласна, я знайшла яго дома ў ваннай».

Яна прызналася, што дагэтуль не ведае дакладнай прычыны смерці мужа і свядома не заглыбляецца ў гэтае пытанне:

«Я ўсё яшчэ не ведаю прычын смерці… Натуральная смерць ці не? І лічу за лепшае — таксама зразумела для сябе — не думаць пра гэта».

«Смерць у эміграцыі»

Асобная частка гутаркі — пра тое, як яна засталася сам-насам з сітуацыяй у Варшаве, дзе побач не было ні сваякоў, ні блізкіх, здольных прыехаць адразу. Прадстаўнікі экстранных службаў, убачыўшы яе беларускі пашпарт, некалькі разоў пыталіся, ці ёсць у яе тут хтосьці:

«Яны мне ўсе па чарзе прапаноўваюць патэлефанаваць сваякам: у вас жа ёсць нехта тут? У вас жа ёсць нехта тут?»

Ліна называе гэта «смерцю ў эміграцыі»:

«Смерць у эміграцыі — хэштэг. Нікога ў цябе няма. І нікому ты не патэлефануеш, бо нават калі патэлефануеш у 4:00 раніцы, твае бацькі не прыедуць».

«Ідзі выцірай кроў, ідзі трымай кропельніцу, чаго ты стала?»

Цапава таксама расказала пра паводзіны адной з супрацоўніц хуткай дапамогі, якая, па яе словах, каментавала яе стан і аддавала загады, пакуль Ліна была ў шоку.

«Яна проста ўвесь час каментавала: маўляў, чаго ты стаіш? Гэта ж была ноч, каля трэцяй, натуральна, я была ў майцы для сну і трусах — я проста ратавала мужа, мне было не да штаноў. Яна казала: «Чаго ты стаіш? Апранайся, зараз паедзем у бальніцу». Потым праходзіць пяць хвілін, яна там нешта робіць, нейкія дэфібрылятары, і раптам: «Ой, усё ўжо, куды ты апранулася? Усё ўжо, куды? Ды ўжо ўсё тут ужо. Ну што вы?»

Па яе словах, гэтая ж супрацоўніца дала каманду ўсёй брыгадзе (на месца прыехалі дзве брыгады, разам — тры мужчыны) згортвацца, бо чалавек ужо мёртвы, а пасля працягвала каментаваць кожны рух Ліны:

«Кажа: «Ідзі выцірай кроў, ідзі трымай кропельніцу, чаго ты стала?» Я не ведаю. Я проста стаю і думаю: у мяне такое самае пытанне — што мне рабіць. Я яго і задаю, у мяне няма слёз, проста жах».

А потым, па словах Ліны, тая ж медыцынская работніца села за яе стол у гасцёўні, як быццам была ў сябе дома, і адмовілася тлумачыць далейшыя дзеянні:

«Кажа: «Я не ведаю, гэта не мая работа. Зараз прыедзе служба, табе ўсё раскажуць».

«Цяжар удавы Мелказёрава»

Ліна адкрыта гаворыць пра тое, наколькі цяжка вярнуцца да жыцця, калі твая страта — публічная, а прозвішча мужа вядомае шырокай аўдыторыі:

«Ты ўсё роўна нясеш гэты цяжар — удавы Мелказёрава. Вось, павесілі на мяне гэты медаль, які я не хацела… І для гэтых людзей ніколі не будзе своечасова, што яна вярнулася да жыцця. Для іх заўсёды будзе рана».

З гэтай жа прычыны яна пакуль не гатовая думаць пра новыя адносіны:

«У мяне іншая стадыя — стадыя абароны сваёй уразлівасці… Я разумею, наколькі мяне разнясе, калі яшчэ і тут не атрымаецца. Гэта значыць — ні час, ні месца».

Фраза, якую Ліна раней публікавала ў сваіх сторыз і якая, па яе словах, найлепш апісвае адчуванні маладой удавы:

«Стаць удавой у маладым узросце — гэта вывучыць мову, на якой яшчэ ніхто з твайго атачэння не гаворыць».

Нягледзячы на ўсё перажытае, у канцы размовы Ліна кажа, што жыццё пасля страты ўсё ж існуе:

«Ці ёсць жыццё пасля страты? Так, ёсць. І неверагоднае жыццё».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула