БЕЛ Ł РУС

93‑гадовы прэзідэнт Камеруна больш за два месяцы не з'яўляецца ў краіне

10.08.2026 / 10:14

Nashaniva.com

Поль Бія пакінуў Камерун 7 чэрвеня для «кароткага прыватнага візіту ў Еўропу» і знік.

Прэзідэнт Камеруна Поль Бія. Фота: Lintao Zhang / Pool Photo via AP

Самы пажылы кіраўнік дзяржавы ў свеце, 93‑гадовы прэзідэнт Камеруна Поль Бія, ужо больш за два месяцы не з'яўляецца ў сваёй краіне. Яго працяглая адсутнасць выклікала пытанні пра стан здароўя і крытыку з боку апазіцыі, паведамляе Associated Press.

Бія пакінуў Камерун 7 чэрвеня для «кароткага прыватнага візіту ў Еўропу», аднак паездка ў выніку стала адной з самых працяглых за ўвесь час яго кіравання. У яго адсутнасць апазіцыя заяўляе пра фактычны вакуум улады і кіраванне дзяржавай у рэжыме «аўтапілота».

Паездка прэзідэнта адбылася ў момант, калі Камерун разрываюць узброеныя канфлікты: на поўначы краіны дзейнічае тэрарыстычная групоўка «Бока Харам», на захадзе працягваецца сепаратысцкі канфлікт, а эканоміка цэнтральнаафрыканскай дзяржавы знаходзіцца ў стагнацыі. Эксперты заяўляюць, што доўгае знаходжанне Поля Біі за мяжой толькі ўзмацняе сацыяльную напружанасць і незадаволенасць насельніцтва.

Поль Бія кіруе Камерунам з 1982 года. Увосень 2025 года ён пераабраўся на восьмы тэрмін. Прэзідэнт часта з'язджае ў Францыю або Швейцарыю, дзе праводзіць тыдні. Кіраванне дзяржавай ён перадае партыйным чыноўнікам і членам сваёй сям'і. Калі Бія адслужыць увесь свой новы тэрмін, ён пакіне пасаду амаль у 100‑гадовым узросце.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Камеруна, якому 92 гады і які кіруе ўжо 43 гады, зноў будзе балатавацца

Каментары да артыкула