БЕЛ Ł РУС

Як жывуць людзі ў найбліжэйшым да Беларусі латвійскім райцэнтры і што думаюць пра закрыццё мяжы

10.08.2026 / 11:47

Nashaniva.com

З 2023 года паміж Латвіяй і Беларуссю дзейнічае толькі адзін памежны пераход — Грыгараўшчына-Патэрніекі. На пачатку жніўня МУС Латвіі паспрабавала зачыніць і яго. Радыё Свабода расказвае, што пра гэта думаюць жыхары найбліжэйшага да Беларусі латвійскага райцэнтра — Краславы (традыцыйная беларуская назва — Краслаўка, Краслаў).

Паміж Латвіяй і Беларусьсю ад 1990‑х дзейнічалі два памежныя пераходы, праз якія можна было трапіць у суседнюю краіну на прыватным транспарце. «Урбаны-Сілене» і «Грыгараўшчына-Патэрніекі». Першы і найбольш папулярны пункт пропуску Латвія зачыніла ў 2023 годзе. Афіцыйная прычына — арганізаваная беларускімі ўладамі плынь нелегальнай міграцыі.

Другі працаваў да вечара 31 ліпеня, калі Латвія спыніла там пропуск транспарту «па тэхнічных прычынах». Ва ўрадзе краіны адразу ж прапанавалі цалкам спыніць памежны рух праз Патэрніекі. Беларуская прапаганда адказала гучнымі заявамі пра «недружалюбнасць».

4 жніўня да патрабаванняў зачыніць апошні памежны пункт на беларускай мяжы далучылася Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі. Прычынамі назвалі «нацыянальную бяспеку» і той жа незаконны трафік мігрантаў з трэціх краін. Гэтая прапанова ў выніку была адхіленая. Увечары 4 жніўня пункт пропуску «Грыгараўшчына-Патэрніекі» зноў запрацаваў. Як доўга гэта працягнецца, не скажа зараз ніхто.

«Даўно ў нас не было беларусаў»

«Я ў вас (у Беларусі) была яшчэ да пандэміі апошні раз, — расказвае гаспадыня аграсядзібы ў Краславе Вольга. — Раней мы тут усе ездзілі ў Беларусь. У Верхнядзвінск, Полацк, Віцебск. Радня там шмат у каго, ну і купіць што. У вас там лепш, усё танней. Зараз я не ведаю, як. Мала хто ездзіць ужо, як усё гэта пачалося».

Google.maps

Што менавіта яна мае на ўвазе пад словамі «ўсё гэта», Вольга не ўдакладняе. На палітычныя тэмы ў Краславе, прынамсі з незнаёмцамі, размаўляюць неахвотна.

Словы Вольгі пра крэўныя сувязі з Беларуссю пацвярджае афіцыйная статыстыка. Латышоў у Краславе меншасць дагэтуль. Большая частка жыхароў называе сябе расіянамі (38%), палякамі (9%) і беларусамі (5%). У Краслаўскім краі сітуацыя прыкладна такая ж. У некаторых мясцовасцях, на самой мяжы з Беларуссю, афіцыйная доля беларусаў складае да 15%.

Пасля ўвядзення Беларуссю «бязвізу» ўсе яны могуць ездзіць у суседнюю краіну без дадатковых дакументаў. Беларусам трапіць у Латвію значна цяжэй.

«Даўно ў нас не было беларусаў, — кажа Вольга. — Не памятаю нават калі апошні раз. Тады ж да пандэміі, відаць. У Краславе цяпер і машыны з беларускімі нумарамі не ўбачыш. Некалі шмат было, вашыя людзі прыязджалі закупляцца ў крамы да нас. На Даўгавпілс ехалі, далей на Рыгу. Зараз вельмі рэдка хто з Беларусі тут бывае».

Прыехаць у Краславу беларусам перашкаджае прыкладна тое ж, што суразмоўцы ў латвійскім райцэнтры ёміста называюць выразам «да ўсяго гэтага».

Пасля падзей 2020 году Латвія рэзка абмежавала магчымасці для атрымання візаў. Турыстычныя і бізнэс-візы перасталі выдаваць увогуле. Атрымаць можна толькі гуманітарную візу, візу для наведвання сваякоў па адмысловым запрашэнні ці нацыянальную — для працы альбо па іншых важкіх прычынах.

Ад верасня 2025 года ўскладнілася магчымасць паездкі ў Латвію і для тых беларусаў, якія маюць шэнгенскія візы іншых краін. Цяпер кожны візіт у гэтую краіну неабходна асобна дэклараваць на адмысловым сайце, з указаннем мэты візіту, маршруту і асабістых дадзеных. Калі не зрабіць гэтага за 48 гадзін да перасячэння латвійскай мяжы, можна атрымаць штраф памерам да 2000 еўра. Жыхары Краславы папярэджваюць, што гэта не пустыя словы.

«Асцярожна тут у нас, паліцыя, вайскоўцы, пастаянна людзей спыняюць, — папярэджвае мясцовы жыхар Уладзімір, які жыве ў Краславе «з савецкіх часоў», прыехаўшы сюды з Расіі яшчэ ў юнацкім узросце. — Усё праз «нелегалаў» гэтых. Яны з Беларусі ідуць, кажуць. Я не ведаю, што там насамрэч. Але бліжэй да мяжы шмат вайскоўцаў, даюць штрафы».

Перасцярогі Уладзіміра не пазбаўленыя сэнсу. На вуліцах невялікай Краславы паліцэйскі патруль можна пабачыць некалькі разоў на гадзіну, у ваколіцах горада шмат людзей у вайсковай форме на спецтранспарце з апазнавальнымі знакамі і без іх. Узмоцнены рэжым аховы мяжы дзейнічае на латвійска-беларускім памежжы некалькі гадоў. Сілавікі маюць афіцыйны дазвол спыняць любы транспарт для праверкі дакументаў, уваходзіць без дазволу гаспадароў у любыя памяшканні, пры неабходнасці прымяняць фізічную сілу.

Каля самой мяжы з Беларуссю, на адлегласці прыкладна 2 км ад яе, рэжым яшчэ больш жорсткі. Каб трапіць у гэтую зону, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад Памежнай службы. Фота– і відэаздымкі там цалкам забароненыя, на пад'ездах да такіх тэрыторый стаяць жоўтыя інфармацыйныя шыльды з папярэджаннем аб магчымым затрыманні для высвятлення абставінаў.Усё гэта — наступствы міграцыйнага крызісу, які суцішыўся на межах Беларусі з Польшчай і Літвой, але не з Латвіяй. Толькі за першую палову 2026 году латвійскія памежнікі паведамілі пра прыкладна 9000 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.

Замежнікаў пры гэтым у Краславе сустрэць усё ж можна. Трапляюцца аўто з украінскімі нумарамі, матацыклы з нямецкімі. На запраўцы, размешчанай на выездзе з горада ў бок беларускай мяжы, стаяць фуры з казаскімі нумарамі. Іх кіроўцы пра магчымае закрыццё мяжы размаўляюць неахвотна.

«Пакуль адкрытая, мы ездзім. Як закрыюць, паедзем іншым маршрутам, праз Літву, — кажа адзін з іх. — Я еду як мне скажуць у кампаніі. Тут меншыя чэргі, ездзім праз Латвію. Будзем праз Літву ездзіць, калі закрыюць мяжу».

«У вас лепш»

Суразмоўцы з ліку мясцовых жыхароў, пачуўшы пытанні пра Беларусь, згадваюць беларускія прадукты, якія некалі прывозілі сюды. Перадусім іх кошт і якасць. Пасля 2020 году «купіць беларускае» ў Краславе стала значна складаней.

«Не, няма даўно нічога ў нас, — адказвае на пытанне пра беларускія тавары гандлярка на мясцовым рынку. — Не прывозім і не ездзім ужо (у Беларусь). Сваё прадаем, прадукты. Ужо і рынку няма амаль, усе ў крамах пачалі купляць».

Рынак у Краславе насамрэч амаль знік, ранкам суботы тут усяго некалькі гандлярак гароднінай і ягадамі. У мясцовых крамах беларускіх тавараў таксама няма. Спрэс мясцовыя ды з іншых краін Еўразвязу. Цэны ў крамах і кавярнях маглі б крыху напалохаць жыхароў суседняга беларускага Верхнядзвінска. Наракаюць на іх у размовах і жыхары Краславы, зноў згадваючы цэны ў Беларусі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак «чыстымі» ў Краслаўскім краі складае каля 700—800 еўра( сярэдні ў Латвіі каля 1350), узровень беспрацоўя — каля 10%, пенсія — каля 500 еўра. Маладыя і працаздольныя стараюцца з'ехаць у Рыгу ці далей за мяжу. За апошнія 20 гадоў насельніцтва горада скарацілася на траціну.

«У Беларусь не, едуць за мяжу на Захад, — кажа суразмоўца Уладзімір. — Не чуў, каб хто малады ехаў у Беларусь. Тут толькі на «драўніне» (у дрэваапрацоўчай прамысловасці. — РС) хто можа зарабіць, хто мае ўчасткі. Больш нічога няма ў нас. Але ў вас лепш, я думаю. Хто ездзіць, то гаварылі, што лепш, жыццё ідзе. Мяжу закрываць — я не ведаю, навошта. Хай бы людзі ездзілі, каму яна замінае».

Мясцовыя ўлады ў Краславе заўважна ўкладваюцца ў развіццё турызму. Ва ўмовах памежнага крызісу разлічваць можна пераважна на жыхароў Латвіі, для якіх на берагах Дзвіны абсталявалі шматлікія стаянкі. Папулярныя сплавы па рацэ на байдарках, роварныя маршруты, рыбалка.

У самім горадзе захаваўся вялікі палацавы комплекс, які калісьці належаў не чужому для Беларусі роду Плятэраў і дзе не раз бывала маладая Эмілія. Сам палац пакуль што закансерваваны і чакае фінансавання для рэстаўрацыі. Побач з ім у гаспадарчых пабудовах працуе музей, адукацыйны і турыстычны цэнтр.

Беларускай мовы ў абвестках і на ўлётках няма — толькі латышская, польская, англійская і руская. Супрацоўніцы інфармацыйнага пункта пры палацы кажуць, што беларускіх груп не было тут «шмат гадоў».

«Не была ніколі ў Беларусі, — прызнаецца супрацоўніца краслаўскай піцэрыі з імем «Elena» на бэйджы. — Не ведаю, што там. Я вучуся ў Рызе, тут працую пакуль лета. Чула, што мяжу закрываюць, але я не ведаю пра гэта нічога, чаму».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула