БЕЛ Ł РУС

З БМЗ «прыніжальна» звольнілі супрацоўніцу, якая рабіла данос у 2020 годзе

10.08.2026 / 12:55

Nashaniva.com

Жыхарка Жлобіна Святлана Петрусёва выклала відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, заўважыў «Флагшток». У сваім роліку жанчына сцвярджае, што яна адпрацавала 34 гады на Беларускім металургічным заводзе, а цяпер яе звольнілі. Як яна лічыць — незаконна і несправядліва.

Петрусёва пасля прыёму ў Качанавай. Скрыншот: відэа Беларусь 1

Петрусёва падкрэсліла, што ў Год беларускай жанчыны яна «атрымала такое прыніжальнае звальненне», і расказала, што яна шматдзетная маці, але нават не брала дэкрэтны адпачынак, сумленна працавала, не мела ніякіх спагнанняў. Як яна заявіла, пры звальненні ёй не далі выхадной дапамогі, а заяву яна падпісала «пад уплывам шантажу і пагроз».

Пры гэтым яна згадала пра нейкую «праверку па пэўных абставінах» у адносінах да начальніка аддзела, у якім працавала Петрусёва. Таму яна паехала да яго нават у адпачынку. Але там «шляхам шантажу і пагроз крымінальнымі артыкуламі начальнік упраўлення [эканамічнай бяспекі] вымусіў мяне напісаць заяву на звальненне па пагадненні бакоў».

Сваё звальненне яна абскардзіла, пісала звароты ў розныя інстанцыі, у тым ліку ў Адміністрацыю Лукашэнкі, але атрымлівала толькі адпіскі.

Скрын відэа звароту

Таксама яна заявіла, што яе звальняў былы супрацоўнік міліцыі (цяпер — начальнік упраўлення завода), і папрасіла Лукашэнку «прыняць меры».

Пра Святлану Петрусёву ёсць некалькі згадак у сетцы. У 2024 годзе яна скардзілася Наталлі Качанавай на падтапленне свайго ўчастка, ад чаго яна пакутавала шмат гадоў, а мясцовыя ўлады не вырашалі праблему.

Засвяцілася Петрусёва і ў 2020 годзе. Яна згадваецца як даносчыца (прозвішча, імя і імя па бацьку цалкам супадаюць) у сувязі са званком у міліцыю.

Яна паведамляла, што насупраць прыватнага прадпрыемства «Ака» па вуліцы Прамысловай у Жлобіне на дрэвах заўважыла некалькі бела-чырвона-белых сцягоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула