БЕЛ Ł РУС

Кінутыя аўтамабілі будуць прыбіраць з вуліц гарадоў хутчэй

10.08.2026 / 19:04

Nashaniva.com

У Беларусі хочуць паскорыць прыбіранне з вуліц і іншых тэрыторый кінутых і неэксплуатаваных аўтамабіляў. Аляксандр Лукашэнка падпісаў змены ва ўказ аб зборы, захоўванні і наступнай утылізацыі такога транспарту.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Змены павінны спрасціць працу выканкамаў і арганізацый, якія займаюцца кінутымі машынамі, а таксама скараціць час, неабходны для прызнання транспарту безгаспадарным.

Паводле новых правіл, да неэксплуатаваных транспартных сродкаў будуць адносіць не толькі аўтамабілі, але і няспраўныя самаходныя машыны — напрыклад, трактары і падобную тэхніку, калі яны пакінутыя па-за межамі прыдамавых тэрыторый прыватных дамоў і спецыяльных стаянак.

Мясцовыя ўлады змогуць надзяляць адпаведнымі паўнамоцтвамі арганізацыі, якія будуць займацца такім транспартам. Яны, як і выканкамы, атрымаюць магчымасць высвятляць, каму належыць кінутая машына або хто мае да яе дачыненне.

Для гэтага будуць выкарыстоўваць розныя звесткі: пра магчымых уладальнікаў, страхаванне транспартнага сродку, праходжанне тэхагляду, а таксама выплаты штрафаў. Выяўленым асобам будуць накіроўваць адпаведныя паведамленні.

Асноўная змена тычыцца тэрмінаў. Раней заяву ў суд аб прызнанні транспартнага сродку безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі трэба было падаваць праз 30 дзён. Цяпер гэты тэрмін скарочаны да 10 дзён.

Такім чынам, працэдура павінна стаць значна хутчэйшай, а кінутыя аўтамабілі, трактары і іншая нікому не патрэбная тэхніка — хутчэй знікаць з вуліц і іншых грамадскіх тэрыторый.

Чытайце таксама:

Мінскія ўлады паказалі, як утылізуюць кінутыя машыны ВІДЭА

Стаўкі ўтылізацыйнага збору зменяцца з 29 красавіка

З пачатку года ў Мінску вывезлі больш за сотню кінутых машын

Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў

Каментары да артыкула