БЕЛ Ł РУС

Вазіў натаўцаў у Афганістан і скідваў гуманітарку ў Судане, а потым трапіў у турму па даносе сябра з Украіны

12.08.2026 / 14:07

Вера Белацаркоўская

Вадзім Каўшоў мае стракатую біяграфію. Супрацоўнік грузавой авіякампаніі, ён лётаў у Афганістан і Ірак, бачыў Мадура ў Венесуэле. Вадзім расказаў «Нашай Ніве», як пасля гэтага ён стаў палітвязнем.

Вадзім Каўшоў. Фота: архіў суразмоўцы

Каб дапамагчы Вадзіму ўладкавацца ў замежжы, «Байсол» адкрыў збор — далучыцца можна тут.

«Быў у першым беларускім экіпажы, які прызямліўся ў Кабуле праз тры месяцы пасля пачатку вайны»

Вадзім — чалавек свету. Яго бацька быў рускім, які нарадзіўся ва Украіне, калі туды прыехалі бацькавы продкі, а мама — украінка родам з Чарнігава. Сам суразмоўца нарадзіўся ва Узбекістане, калі там служыў ягоны бацька.

Авіяцыі Вадзім аддаў усё жыццё. Яго бацька лётаў на знішчальніках, а сам ён нарадзіўся ў вайсковай часці і малым ездзіў па тых часцях з бацькамі. У 1988‑м Вадзім паступіў у штурманскае вучылішча, у 1991‑м адслужыў у савецкай арміі. Потым бацьку прапанавалі служыць у Беларусі, і так сям’я апынулася ў нашай краіне, дзе Вадзім атрымаў лётную адукацыю. У 1994‑м ён прыйшоў у «Трансавіяэкспарт» — авіякампанію, якая займаецца перавозкамі на грузавых самалётах.

«З 1996‑га я лётаў на «Іл-76» у складзе экіпажа. Калі яшчэ служыў у савецкай арміі, быў тэхнікам самалётаў Міг-29 і Міг-23. У «Трансавіяэкспарце» перавучыўся на бортаператара «Іл-76» і адлятаў на гэтай пасадзе 26 гадоў», — расказвае мужчына пра свой шлях.

Вадзім тлумачыць, што бортаператар «Іл-76» адказвае за загрузку і выгрузку самалёта, за тое, каб груз унутры быў замацаваны належным чынам, і ўвогуле за тэхнічны стан грузавога адсека. Але Вадзім, калі не на базе, мог і дапамагчы з рамонтам іншых частак самалёта.

Самалёты «Міг». Фота: LookByMedia

Часам даводзілася і перавозіць пасажыраў, у тым ліку вайскоўцаў. Але суразмоўца кажа, што беларусаў ён не перавозіў:

«Гэта былі іспанскія вайскоўцы, якіх мы перавозілі ў Афганістан, калі там знаходзілася місія НАТА (2001 год. — НН). Разам з натаўскімі самалётамі мы дастаўлялі ўсё патрэбнае для арміі — патроны, макароны, бранетэхніка, нешта будаўнічае. Я не думаю, што гэта вялікі сакрэт, бо ўсе добра ведаюць, чым займалася грузавая авіяцыя, тым больш гэта быў афіцыйны кантракт.

Я быў у першым беларускім экіпажы, які прызямліўся ў Кабуле праз тры месяцы пасля пачатку вайны. Калі ў мяне набралася больш за сто пасадак, я спыніў падлік. Кабул, Баграм, Мазары-Шарыф, Кандагар — шмат дзе былі. А калі ў Іраку пачалася аперацыя «Шок і трапятанне», лёталі і туды. Там таксама было шмат пасадак, бо працавалі на шмат якіх аэрадромах, трэба было забяспечваць войскі і перавозіць грузы паміж пунктамі».

Калі ў Афганістане ваявала савецкая армія, Вадзім вучыўся ў вучылішчы, таму на тую кампанію не трапіў. Успамінае, як і ў вучылішчы, і ў гарнізоннай школе чуў шмат расказаў пра «інтэрнацыянальны доўг». А калі сам апынуўся ў Афганістане, зразумеў: не было ніякага доўга, і СССР прыйшоў у краіну з уварваннем — падобна да таго, як і Расія прыйшла ва Украіну.

Вадзім з калегамі вазілі гуманітарныя грузы ў розныя краіны:

«Сам удзельнічаў у перавозцы гуманітарнага груза ў Венесуэлу, калі ў іх былі апоўзні, бачыў Мадура і вітаўся з ім за руку. Вельмі шмат такіх грузаў перавозілі ў Паўднёвы Судан, калі працавалі з праграмай ААН World Food Programme, прыляталі туды з Эфіопіі і дэсантавалі розную ежу. Пасля таго, як яны аддзяліліся ад Судана, пачаліся праблемы, людзі моцна галадалі.

Нікалас Мадура. Фота: AP Photo / Matias Delacroix

Мы лёталі туды вельмі актыўна. Рабілі па два вылеты на дзень, лёталі 6 дзён на тыдзень, за адзін вылет скідвалі каля 30 тон грузу, і так некалькі гадоў. Збольшага гэта было зерне, але быў і алей, і дзіцячае харчаванне, шмат чаго».

Што да жыцця па-за працай, Вадзім стварыў сям’ю, з жонкай выхоўваў дзіця і перабудоўвалі пад сябе дом. Жылі нармальным жыццём, пакуль Вадзіма не арыштавалі.

«За што мяне саджаць? Я Беларусі не здраджваў»

Вадзім расказвае, што за некалькі гадоў да арышту ён аднавіў адносіны са старым сябрам, які жыў у Бярдзянску — цяпер гэты ўкраінскі горад знаходзіцца пад расійскай акупацыяй. Калі пачалася паўнамаштабная вайна, Вадзім і яго сябар шмат перапісваліся ў групавым чаце ў ватсапе, дзе былі і агульныя знаёмыя.

Мужчына ўспамінае:

«Яны вельмі моцна радаваліся — маўляў, Расія тут зараз парадак навядзе, рабілі розныя выказванні супраць Украіны. Я пытаўся ў іх — маўляў, вы ненармальныя? 

Бацька таго таварыша нарадзіўся пад Чарнігавам, а сам ён вучыўся ў чарнігаўскім лётным вучылішчы. І я пытаюся ў яго: маўляў, як ты можаш? Ты ж сам украінец, ты што, здраднік?»

Тады сябры пасварыліся, і Вадзіма выкінулі з групавога чата. А ў жніўні 2022-га, калі УСУ праводзілі контрнаступ, Вадзім напісаў таму знаёмаму «слава Украіне» і спытаў, ці перамагае яго, знаёмага, бок.

«Казаў, што і да Бярдзянска дабяруцца [украінцы], а там і да яго [дойдуць]. Ён мне пачаў пагражаць — маўляў, глядзі, каб цябе не пасадзілі. А за што мяне саджаць? Я сваёй краіне не здраджваў, не прасіў, каб нехта са сваёй уладай прыйшоў на тэрыторыю Беларусі», — кажа Вадзім.

У кастрычніку 2022‑га на працу да Вадзіма прыйшлі два кадэбэшнікі. Мужчыну завялі ў асобны кабінет і пачалі задаваць пытанні пра тое, на якую разведку ён працуе. У Вадзіма запатрабавалі тэлефон. Пакуль ён вёў сілавікоў да месца, дзе той тэлефон нібыта ляжыць, дастаў тэлефон з кішэні і паспрабаваў зламаць. Не атрымалася.

«Мяне скруцілі, выклікалі мянтоў. Тыя прыехалі, пачалі мяне дапытваць — вядома, без адвакатаў. Кажу — не ведаю, чаго ад мяне хочуць тыя супрацоўнікі і з якой нагоды яны мусяць аглядаць мой тэлефон».

Фота: LookByMedia

У выніку мужчыну завезлі ў ізалятар на Акрэсціна і далі 15 сутак арышту. Калі прыйшоў час вызваляцца, Вадзіма павезлі ў Смалявіцкі РУУС — мужчына з сям’ёй дабудоўвалі дом у тым раёне. А пакуль везлі туды, расказалі, што за час арышту ў тым доме знайшлі старыя патроны, якія засталіся ў Вадзіма ад цесця-паляўнічага.

«Я проста знайшоў іх у доме і паклаў у скрынку. Я з сям’і вайскоўца і сам служыў, таму для мяне патроны — гэта не нешта звышнатуральнае, хаця трэба было, вядома, іх здаць», — тлумачыць Вадзім. 

Калі прыехалі ў РУУС, ён напісаў тлумачальную наконт патронаў, потым Вадзіма на ноч адправілі ў камеру. А ранкам яго завялі ў кабінет, дзе Вадзім пабачыў у руках сілавікоў свой тэлефон — суддзя, якая выпісала мужчыне 15 сутак, раней загадала вярнуць яму гаджэт. У тэлефоне знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы і перасылку адной са спасылак, за што і выпісалі яшчэ 15 сутак.

Калі заканчваліся і тыя суткі, у ізалятар да Вадзіма прыйшлі старыя знаёмыя — тыя самыя кадэбэшнікі, з якіх распачаліся яго арышты.

«Кажуць: маўляў, хочам усё-ткі высветліць, на каго вы працуеце. Яны ж ускрылі мой тэлефон і пабачылі шмат украінскіх нумароў, бо ў мяне ва Украіне жывуць сябры і сваякі. Пачалі распытваць, чые гэта нумары, тлумачыў ім.

Потым пачалі зноў распытваць пра тое, на каго працую. А я калі на сутках сядзеў, зразумеў, хто мог на мяне данесці, так ім і сказаў».

Вадзім мае на ўвазе таго самага знаёмага з Бярдзянска, якога некалі лічыў сябрам. Калі ён выйшаў на волю, яму даслалі скрын перапіскі з ім — там украінец прызнаецца, што для арышту «спатрэбілася яго дапамога».

На наступны дзень пасля той гутаркі ў ізалятары Вадзім даведаўся, што за патроны супраць яго завялі крыміналку па артыкуле 295 — «нелегальныя дзеянні датычна агнястрэльнай зброі». Яго трымалі ў жодзінскай турме да студзеня 2023-га, пакуль не прайшоў суд, на якім мужчыне далі хатнюю хімію.

А за дзень да суда ў Вадзіма была сустрэча з адным з сілавікоў. Там яму выклалі раздрукоўку з таго самага чата ў ватсапе, адкуль і пачаліся яго праблемы. Асабліва звярнулі ўвагу на паведамленне, у якім Вадзім называў Лукашэнку гнідай і выпрасілі прызнанне, што ён сапраўды гэта пісаў — маўляў, размова неафіцыйная.

«Стары ноўтбук і чамадан — усё, што я нажыў за 55‑гадовае жыццё»

У красавіку 2023‑га смалявіцкі следчы паведаміў Вадзіму, што супраць яго распачалі крыміналку па артыкуле 368 за «знявагу» Лукашэнкі. Мужчына ўспомніў студзеньскую размову:

«Кажу яму, што калі мы гутарылі з тым супрацоўнікам, ён мне сказаў, што размова не мае юрыдычнай моцы, там нават не было адваката, і мой тэлефон быў прагледжаны незаконна. У іх не мусіла быць той інфармацыі».

Вадзім тады склаў хадайніцтва з усёй інфармацыяй, якая, на яго думку, рабіла тую крыміналку незаконнай. На наступнай сустрэчы са следчым давялося хадайніцтва забраць — замест гэтага следчы прапанаваў застацца на свабодзе да суда.

У канцы чэрвеня 2023 года Вадзіму прысудзілі два гады зняволення, якія ён адбываў у бабруйскай калоніі. На волю ён выйшаў у лютым 2025-га.

Шлях у авіяцыю Вадзіму быў закрыты, бо туды ў Беларусі бяруць толькі з даведкай аб несудзімасці. Каб некуды ўладкавацца ў той сферы за мяжой, давялося б праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, а гэта значыць, зноў ісці ў дзяржструктуры — і, верагодна, сутыкнуцца ні з чым.

«Ехаць у Афрыку і працаваць там у бандыцкіх канторах зусім не хочацца. Пакуль я сядзеў, у Судане збілі [грузавы] самалёт, і там у экіпажы было некалькі чалавек, каго я ведаў.

А калі мяне вызвалілі, я сустрэўся са старым знаёмым, і ён паказаў мне фота, як абстралялі яшчэ адзін самалёт. У тым экіпажы таксама былі знаёмыя. І чалавек мне сказаў — нават не думай туды ісці, як бы ні было дрэнна, ты проста адтуль не вернешся», — кажа Вадзім.

Ён вырашыў з’язджаць з Беларусі і перабраўся ў Польшчу, дзе падаў прашэнне на ўцякацтва. Там Вадзім знайшоў працу аўтамеханікам і праводзіць у гаражы па 12‑13 гадзін шэсць дзён на тыдзень.

Самае складанае пытанне — як жыць далей:

«Усё жыццё нешта будаваў, і цяпер мне нямала гадоў, думаў будаваць ужо дом і выхоўваць унукаў, хаця іх пакуль што няма. А цяпер трэба ўсё распачынаць нанава, бо я сюды з’ехаў са старым ноўтбукам і з адным чамаданам. Гэта ўсё, што я нажыў за сваё 55‑гадовае жыццё».

Вадзім кажа, што, калі не ведаць беларускія турмы знутры, можа падацца, нібыта расказы пра турэмныя жахі перабольшаныя і нейкія законы там усё ж такі працуюць. І толькі калі сам апынуўся за кратамі, ён зразумеў, наколькі цяжкая там сітуацыя з правамі зняволеных — мужчына называе яе катастрофай.

«Нас вадзілі ў клуб для прагляду дакументальных фільмаў. Неяк паказвалі фільм пра тое, як фашысты ў Беларусі трымалі ў сябе савецкіх палонных. Паказваюць тыя баракі, дзе іх трымалі, расказваюць, што з іх здзекаваліся, не давалі ім коўдры, падушкі.

А мы, палітычныя, глядзім адзін на аднаго і думаем: дык нас трымалі ў тых жа ўмовах! Але фашысты хаця б здзекаваліся з іншага народа, а вы здзекуецеся са свайго ўласнага, і гэта проста дзіўна», — падсумоўвае Вадзім.

Чытайце таксама:

Сямейнай пары работнікаў дзіцячага садка далі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі» 12 і 14 гадоў. Вось што кажуць сябры сям'і

Палітвязень ажаніўся з каханай па перапісцы — развяліся праз два месяцы на волі

Як жывуць Маўшукі з Пінска — у 2020‑м мужа і жонку пасадзілі, а дзяцей збіраліся адправіць у прытулак

Каментары да артыкула