Мінгандлю знайшло на рынку ў Валяр'янаве «залатыя» мандарыны
На рынку «Валяр'янава» пад Мінскам Міністэрства антыманапольнай палітыкі і гандлю знайшло шматразовае перавышэнне дапушчальных гандлёвых надбавак пры продажы цытрусавых.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Падчас праверкі высветлілася, што ТАА «Валяркам» прадавала апельсіны і мандарыны па цэнах, якія значна перавышалі разліковыя з улікам устаноўленых дзяржавай абмежаванняў.
Апельсіны прадаваліся па 25 рублёў за кілаграм, хоць цана, сфармаваная ў адпаведнасці з заканадаўствам, павінна была складаць 8,89 рубля.
Мандарыны каштавалі ад 19,90 да 35 рублёў, тады як дапушчальная цана павінна была знаходзіцца ў межах ад 5,44 да 8,89 рубля.
Замест дазволенай гандлёвай надбаўкі ў межах 33—34% кампанія ўстанавіла надбаўку ад 274,7% на апельсіны да 424,58% на мандарыны.
У выніку Эканамічны суд Мінскай вобласці прыцягнуў «Валяркам» да адміністрацыйнай адказнасці. Кампаніі прызначылі штраф у памеры больш за 30 тысяч рублёў. Да адказнасці таксама прыцягнулі службовую асобу.
Пастановы суда ўжо набылі законную сілу.
Чытайце таксама:
Мінгандлю зрабіў масавую праверку крамаў «Святлафор»
Колішнія ўладальнікі «Віталюра» пераключыліся на складскі бізнэс
Пад Мінскам адкрылі краму са свежай выпечкай па рэцэптах 1980‑х