БЕЛ Ł РУС

Турыстычны комплекс у Лепельскім раёне выставіў цану для беларусаў амаль удвая большую, чым для расіян. Беларусы абурыліся

10.08.2026 / 22:25

Nashaniva.com

На турыстычным комплексе і пансіянаце «Востраў ЛАДЭ», размешчаным на Лепельскім возеры ў Віцебскай вобласці, убачылі дзіўную розніцу ў кошце пражывання для грамадзян Беларусі і Расіі, піша BG.Media.

«Востраў ЛАДЭ». Фота: bestbelarus.by

Адзін з пастаянных кліентаў комплексу звярнуў увагу, што пры браніраванні люкса на дзве ночы для чатырох чалавек беларусам сайт паказваў кошт 1216 рублёў. Для грамадзян Расіі той жа варыянт адлюстроўваўся па цане 18 140 расійскіх рублёў, што складала прыкладна 650 беларускіх рублёў — амаль удвая танней.

Сітуацыя выклікала абурэнне ў сацыяльных сетках. Карыстальнікі задаваліся пытаннем, чаму беларускія грамадзяне павінны плаціць значна больш за адпачынак у сваёй жа краіне. Некаторыя меркавалі, што гэта магла быць тэхнічная памылка, іншыя прапаноўвалі звярнуцца для праверкі ў Мінгандлю.

Адміністрацыя «Вострава ЛАДЭ» патлумачыла сітуацыю тэхнічным збоем у новай сістэме браніравання. Па словах прадстаўнікоў комплексу, грамадзянам Расіі на першым этапе сапраўды магла паказвацца няправільная сума — кошт толькі за адныя суткі замест дзвюх. Пры непасрэдным пераходзе да браніравання сістэма ўжо паказвала правільную цану — 36 140 расійскіх рублёў за дзве ночы.

Адміністрацыя прынесла прабачэнні і паведаміла, што распрацоўшчыкі займаюцца выпраўленнем памылкі. На час ліквідацыі праблемы кліентам прапанавалі браніраваць адпачынак па тэлефоне.

Журналісты пасля таго паўторна праверылі цэны на сайце комплексу. Пасля рэзанансу ў інтэрнэце інфармацыя змянілася, і першапачатковая розніца ў кошце для беларусаў і расіян знікла.

Чытайце таксама:

Купілі занядбаны дом, у які не хацелася заходзіць, і ператварылі ў цукерку

«Была ў Егіпце 12 разоў, там не лепш». Беларусы расказалі, як адпачываюць у айчынных санаторыях

Беларускія санаторыі ўраўнавалі цэны на паслугі для беларусаў і расіян

Пад Мінскам прадаюць закінуты санаторый, які так і не дабудавалі

Каментары да артыкула