У Беларусі сталі сустракаць рэдкіх камароў. Чым яны небяспечныя?
У Беларусі сустракаецца так званы дупляны камар — від Anopheles plumbeus. Спецыялісты Навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах расказалі, што яго бачаць у краіне, хоць і вельмі нячаста: за апошнія сто гадоў яго некалькі разоў фіксавалі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, а даследчыкі таксама выявілі яго ў Магілёве, піша БелТА.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Назва «дупляны» звязана з месцам размнажэння камара. Самкі адкладаюць яйкі ў дуплах дрэў, дзе пасля дажджу назапашваецца вада. Аднак апошнім часам від пачаў прыстасоўвацца і да гарадскіх умоў. Напрыклад, у Магілёве лічынкі выявілі ў старой аўтамабільнай шыне, напоўненай дажджавой вадой.
Асаблівасць гэтага камара ў тым, што, у адрозненне ад большасці малярыйных камароў Беларусі, ён аддае перавагу крыві чалавека. Таму ягоны кантакт з людзьмі можа адбывацца часцей, асабліва ў гарадах.
Спецыялісты адзначаюць і яшчэ адну важную асаблівасць: Anopheles plumbeus мае высокую ўспрымальнасць да ўзбуджальніка трапічнай малярыі — найбольш небяспечнай формы гэтага захворвання. Пры гэтым у Беларусі штогод рэгіструецца каля дзесяці выпадкаў завазной малярыі.
Акрамя ўзбуджальнікаў малярыі, гэты від камара можа пераносіць некаторыя арбавірусы, у тым ліку вірус ліхаманкі Заходняга Ніла. У іншых еўрапейскіх краінах таксама фіксавалі яго сувязь з перадачай узбуджальнікаў дырафілярыёзу, а эксперыментальна было пацверджана, што ён можа пераносіць вірус японскага энцэфаліту.
Пры гэтым спецыялісты падкрэсліваюць, што дупляны камар у Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца рэдкім відам. Аднак яго здольнасць прыстасоўвацца да гарадскога асяроддзя, размнажацца ў штучных вадаёмах і пераважна кусаць людзей павышае ягоную патэнцыйную эпідэміялагічную значнасць.
Чытайце таксама:
Воспа магла стаць смяротнай не адразу
Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію
Google збіраецца выпусціць 32 мільёны няпростых камароў у Каліфорніі і Фларыдзе