Памёр Аляксандр Мілінкевіч
Вядомаму беларускаму палітыку і навукоўцу было 79 гадоў. На выбарах 2006 года ён стаў адзіным кандыдатам ад праеўрапейскіх сілаў. Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым шматлікім постсавецкім палітыкам.
Летась ён цяжка перанёс аперацыю, дактары змагаліся за ягонае жыццё і, былі спадзевы, што ён пайшоў на папраўку. Але сёння яго жонка паведаміла пра смерць палітыка. Гэта адбылося ў 7:15 раніцы.
Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Паводле адукацыі ён быў фізікам: скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, пасля аспірантуры працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. У 1976 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю пра механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў.
Яго навуковая кар'ера была звязана таксама з выкладчыцкай працай. Мілінкевіч працаваў у Гродзенскім універсітэце, выкладаў і загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта ў Алжыры. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпелье ў Францыі і Каліфарнійскім універсітэце ў ЗША. Быў аўтарам каля 65 навуковых прац і манаграфій.
Аднак шырока вядомым у Беларусі Мілінкевіч стаў не як фізік, а як грамадскі дзеяч і палітык.
У 1990—1996 гадах ён быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, дзе адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, моладзь, спорт, СМІ, рэлігію, міжнародныя сувязі і захаванне гістарычнай спадчыны.
Асаблівае месца ў яго дзейнасці займала Гродна. Мілінкевіч заснаваў і ўзначальваў грамадскую арганізацыю «Ратуша», якая займалася развіццём горада і захаваннем яго гістарычнай спадчыны. Улады ліквідавалі арганізацыю ў 2003 годзе.
Мілінкевіч быў таксама краязнаўцам. У канцы 1980‑х гадоў ён удзельнічаў у пошуках і знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне. У Гродне ён арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле.
У 2001 годзе Мілінкевіч быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша на прэзідэнцкіх выбарах.
Галоўнай палітычнай старонкай яго біяграфіі сталі прэзідэнцкія выбары 2006 года. На Кангрэсе дэмакратычных сіл у кастрычніку 2005 года Мілінкевіча абралі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл. Паводле афіцыйных вынікаў, на выбарах ён атрымаў 6% галасоў і заняў другое месца пасля Аляксандра Лукашэнкі. У рэальнасці ён сабраў нашмат больш галасоў, але выбары ўжо фальсіфікаваліся.
Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым большасці постсавецкіх палітыкаў.
Пасля выбараў ён стварыў грамадскі рух «За Свабоду» і да 2016 года быў ягоным кіраўніком — роўна два тэрміны. І гэтым таксама ён задаваў новы палітычны стандарт, адрозніваўся ад многіх постсавецкіх партыйных лідараў.
У 2020‑м ён праяўляў асцярожнасць, баяўся, што падзеямі маніпулюе Масква, але калі сітуацыя праяснілася, стаў пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай, адным з арганізатараў «Вольнага беларускага ўніверсітэта».
Аляксандр Мілінкевіч належаў да пакалення беларускіх інтэлектуалаў, для якіх навука, культура, мясцовае самакіраванне і палітыка былі часткамі грамадскага жыцця. Ён прайшоў шлях ад фізіка і выкладчыка да аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі.
25 лістапада 2025 года Аляксандру Мілінкевічу рабілі аперацыю па выдаленні тромба, які закрываў 80% соннай артэрыі. Падчас аперацыі ўтварыўся моцны крывацёк, пасля чаго палітык трапіў у вельмі цяжкім стане ў рэанімацыю. Дактары ўвялі яго ў медыкаментозны сон і ўрэшце здолелі стабілізаваць сітуацыю. Але выздаравець ён ужо так і не змог.