БЕЛ Ł РУС

Цукерберг апісаў у эсэ сваё бачанне развіцця штучнага інтэлекту

11.08.2026 / 12:45

Nashaniva.com

Генеральны дырэктар Meta Марк Цукерберг апублікаваў эсэ, дзе апісаў бачанне кампаніі адносна гонкі штучнага інтэлекту, яе значэння для грамадства і таго, як улады мусяць рэгуляваць і прасоўваць гэтую тэхналогію. Ключавыя моманты пераказвае The Wall Street Journal.

Марк Цукерберг. Фота: AP Photo / Godofredo A. Vásquez

У цяперашні час Meta адстае ў гонцы штучнага інтэлекту і спрабуе дагнаць Anthropic і OpenAI, якія валодаюць самымі дасканалымі мадэлямі штучнага інтэлекту.

Адкрыты зыходны код

Meta аднаўляе выпуск мадэляў з адкрытымі параметрамі (даступнымі для спампоўвання), ад чаго часова адмовілася пасля леташняй рэарганізацыі свайго ШІ-падраздзялення. Цукерберг таксама абараняе практыку дыстыляцыі (калі распрацоўшчыкі вучацца ў чужых мадэляў праз запыты) — ён лічыць яе нармальнай формай навучання на тым, што можна назіраць.

Больш грошай для гарадоў паблізу дата-цэнтраў

Кампанія запускае фонд «Future Is For Everyone Fund» на $1 мільярд для падтрымкі мясцовых супольнасцей побач з дата-цэнтрамі — часткова як адказ на нарастаючую незадаволенасць актывістаў такімі праектамі.

Цукерберг таксама напісаў, што адзін з недахопаў ЗША ў іх барацьбе з Кітаем за распрацоўку звышразумных камп'ютарных сістэм — складанасць стварэння інфраструктуры на тэрыторыі ЗША. Сёлета Meta плануе ўкласці да 145 мільярдаў даляраў у капітальныя ўкладанні, у асноўным на будаўніцтва цэнтраў апрацоўкі даных, і 600 мільярдаў даляраў да 2028 года.

Ранняе падключэнне дзяржавы да распрацоўкі мадэляў

Цукерберг крытыкуе цяперашні 30‑дзённы добраахвотны перыяд праверкі новых мадэляў як занадта доўгі для тэмпаў развіцця ШІ. Замест жорсткага рэгламенту ён прапануе цеснае супрацоўніцтва лабараторый з уладамі ЗША, уключаючы перадачу прамежкавых кантрольных пунктаў навучання яшчэ да яго завяршэння.

Больш унутранага кантролю за рэлізамі, у тым ліку ў Meta

Meta ўводзіць новую структуру кіравання: савет дырэктараў атрымлівае права ацэньваць, ці адпавядаюць новыя мадэлі зацверджаным крытэрыям бяспекі. Цукерберг заяўляе, што не лічыць правільным, каб рашэнне пра разгортванне суперінтэлекту прымаў адзін чалавек, і заклікае іншыя кампаніі і ўсю індустрыю пераняць такі падыход.

Карыстальнікі мусяць вызначаць форму ШІ

Развіваючы канцэпцыю «персанальнага суперінтэлекту», Цукерберг настойвае, што менавіта карыстальнікі, а не распрацоўшчык мадэлі, мусяць вырашаць, якія каштоўнасці закладаць у сістэму. Ён таксама абяцае цалкам прыватны рэжым для персанальных ШІ-агентаў, да даных якога не будзе доступу нават у самой Meta.

Чытайце таксама:

«Многія людзі стануць непатрэбнымі». Сузаснавальнік EPAM пра сяброўства з Добкіным, багацце і няроўнасць, жыццё ў Латвіі і настальгію

Кіраўнікі найбольшых ШІ-кампаній просяць запаволіць распрацоўку штучнага інтэлекту. Ім самім стала страшна

Нейрасетка Claude ўзламала сістэмы трох кампаній падчас тэстаў па кібербяспецы

Кітайскі стартап выпусціў ШІ-мадэль, якая абышла амерыканскія аналагі

Каментары да артыкула