БЕЛ Ł РУС

«Правал, думаю. Капец». Севярынец расказаў, як Мілінкевіч скарыў вяскоўцаў ды лесавікоў на самай мяжы з Расіяй

11.08.2026 / 12:49

Nashaniva.com

Павел Севярынец прыгадаў гісторыю з прэзідэнцкай кампаніі 2006 года, калі адзіны прэтэндэнт ад апазіцыі прыехаў у Малое Сітна ў Полацкім раёне. Вынік той сустрэчы аказаўся нечаканым.

У пачатку 2006 года Аляксандр Мілінкевіч, тады ўжо адзіны прэтэндэнт ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі, прыехаў у Малое Сітна, дзе я, адбываючы палітычную «хімію», валіў лес.

Прыехаў цэлы картэж, штаб з журналістамі. Начальства разбеглася. Хтосьці схаваўся. На эстакадзе, дзе распілоўвалі бярвенні, сабраліся рабочыя.

І вось я прадстаўляю Мілінкевіча — з адчуваннем бездані пад нагамі: як ён, інтэлектуал, паліглот, «заходнік», будзе гаманіць з вяскоўцамі ды лесавікамі з глыбінкі, на самай мяжы з Расеяй.

А Мілінкевіч прапанаваў выказацца людзям — і проста слухае. Паўгадзіну. Гадзіну. Дзве.

Правал, думаю. Капец. Нічога не гаворыць. Ніякай праграмнай прамовы. Слухае і слухае, зрэдку ківае. Як я ўсё гэта патлумачу мужыкам пасля ягонага ад'езду — не ўяўляю.

І вось мы развітваемся. Мілінкевіч цісне рукі, сядае ў машыну. Картэж знікае ў лясах на грунтовай дарозе. Вяртаюся на эстакаду, халадок пад уздыхам — а там гурма захопленых маіх сіценцаў:

— Паша, які чалавек!..

— Вось гэта моц!

— Вось такога ў прэзідэнты!!..

А я ў шоку.

— Э-эээ… што вам спадабалася? Ён жа… нічога не казаў.

— Паш!.. ЁН НАС ВЫСЛУХАЎ!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула