БЕЛ Ł РУС

«Мы ўсе былі на роўных». Былы польскі мытнік з Баброўнікаў расказаў пра ўдзел у кантрабандзе цыгарэт з Беларусі

11.08.2026 / 13:36

Nashaniva.com

Цяпер яго і яшчэ восем чалавек судзяць у Беластоку. 

Былы супрацоўнік Падаткова-мытнай службы Польшчы (KAS), які працаваў на памежным пераходзе ў Баброўніках, прызнаўся ў судзе Беластока ва ўдзеле ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі. Ён заявіў, што атрымаў 65 тысяч еўра хабару, піша MOST.

Мужчына праходзіць па справе дзевяці чалавек, сярод якіх восем былых супрацоўнікаў KAS. Па версіі пракуратуры, яны за грошы дапамагалі прапускаць праз граніцу аўтамабілі з кантрабанднымі цыгарэтамі.

Следства лічыць, што арганізаваная група дзейнічала з восені 2018 года да вясны 2020 года ў Падляскім і Мазавецкім ваяводствах. Цыгарэты ўвозілі ў Польшчу ў тым ліку праз памежны пераход у Баброўніках.

Па даных пракуратуры, група ўвяла ў абарот як мінімум 27 млн пачак цыгарэт. Урон польскаму бюджэту ад нясплатчаных акцызаў, мытаў і ПДВ ацанілі ў 626,2 млн злотых ($168 млн па сённяшнім курсе).

Агульная сума хабараў, якая фігуруе ў абвінавачваннях, складае амаль 4,9 млн злотых ($1,3 млн па сённяшнім курсе).

Былы мытнік прызнаў віну не цалкам. Ён заявіў, што пракуратура памылкова лічыць яго нефармальным лідарам групы.

«Мы ўсе былі на роўных, усе аднолькава супрацоўнічалі і аднолькава атрымлівалі грошы», — сказаў ён у судзе.

Мужчына таксама назваў выстаўленую яму суму хабараў «завышанай, нерэальнай і абсурднай». Ён прызнаўся ў атрыманні 65 тысяч еўра.

Раней пракуратура паведамляла, што сярод падазраваных па больш шырокай справе пра кантрабанду праз Баброўнікі і Тарэспаль ёсць таксама грамадзяне Беларусі.

Абвінавачаным пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі і буйныя штрафы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула