Лонданскі Хітроў страціў статус самага загружанага аэрапорта Еўропы
Стамбульскі аэрапорт упершыню з 2023 года абышоў лонданскі Хітроў і стаў самым загружаным аэрапортам Еўропы паводле вынікаў ліпеня 2026 года, піша Euronews.
Стамбульскі аэрапорт. Фота: Wikimedia Commons
У ліпені Стамбульскі аэрапорт абслужыў каля 8,15 мільёна пасажыраў, тады як праз чатыры тэрміналы Хітроў прайшлі 7,86 мільёна чалавек. Такім чынам, розніца склала амаль 300 тысяч пасажыраў.
Паводле звестак Airports Council International, Хітроў на працягу многіх гадоў быў найбуйнейшым аэрапортам Еўропы. З 1996 да 2019 год ён утрымліваў першае месца, аднак у 2020‑м страціў лідарства праз абмежаванні на міжнародныя паездкі падчас пандэміі каранавіруса. У 2023 годзе лонданскі аэрапорт зноў стаў самым загружаным у Еўропе і захоўваў гэтую пазіцыю да цяперашняга года.
Цяпер сітуацыя змянілася. Пасажырапаток Хітроў у ліпені апынуўся на 1,5% меншы, чым за той жа месяц мінулага года. У Стамбуле, наадварот, колькасць пасажыраў вырасла на 2,3%.
Адной з галоўных прычын зніжэння паказчыкаў Хітроў стала скарачэнне авіяперавозак на Блізкі Усход. На фоне працяглага канфлікту паміж Іранам і ЗША пасажырапаток на напрамках у краіны рэгіёна ў ліпені знізіўся на 20,2% у гадавым вымярэнні.
У самім Хітроў цяперашнія паказчыкі лічаць дадатковым аргументам на карысць пашырэння аэрапорта. Дзве наяўныя ўзлётна-пасадачныя паласы працуюць амаль на мяжы сваіх магчымасцяў, таму кіраўніцтва аэрапорта ўжо некалькі гадоў дамагаецца дазволу на будаўніцтва трэцяй паласы.
Калі праект будзе рэалізаваны, прапускную здольнасць Хітроў плануюць павялічыць прыкладна да 150 мільёнаў пасажыраў на год. Для параўнання, у 2025 годзе аэрапорт абслужыў крыху менш за 85 мільёнаў пасажыраў.
Аднак перспектывы будаўніцтва трэцяй паласы пакуль застаюцца нявызначанымі. Былая міністарка фінансаў Рэйчэл Рыўз раней заяўляла, што разлічвае на яе запуск да 2035 года. Новы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бёрнэм ставіцца да праекта менш прыхільна. Ён лічыць, што пашырэнне Хітраў можа прывесці да таго, што інвестыцыі зноў будуць сканцэнтраваныя ў Лондане замест паўночных рэгіёнаў краіны.
Нягледзячы на ліпеньскае адставанне ад Стамбула, Хітроў застаецца надзвычай загружаным. 19 ліпеня стаў самым напружаным днём аэрапорта сёлета — за суткі там абслужылі каля 267 тысяч пасажыраў.
Пры гэтым аэрапорт працягвае пашыраць спіс авіякампаній. З ліпеня рэйсы ў Хітроў пачалі выконваць італьянская ITA Airways, амерыканская Alaska Airlines і саудаўская Riyadh Air.
Чытайце таксама:
Як беларусы адпачылі на круізным лайнеры за 7300 еўра
«Белавія» карэктуе свае расклады праз сітуацыю ў Расіі
У Маскве пасажыркі, якія спазніліся на рэйс, спрабавалі дагнаць самалёт проста на лётным полі ВІДЭА
«Белавія» купіла тры «Боінгі». Яны прыляцелі з самай малой краіны Афрыкі