«Зараз у рэанімацыі». Мінчанку знайшлі ў лесе пасля дзесяці дзён пошукаў
У суботу, 1 жніўня, Марыя Пракопчык выйшла з дому і знікла.
Упершыню камеры відэаназірання зафіксавалі яе ў раёне вуліцы Панчанкі, а далей жанчына знікла. Мінчанку знайшлі праз 10 дзён — яна жывая. Падрабязнасцямі выратавальнай аперацыі з Onliner падзяліўся кіраўнік пошукава-выратавальнага атрада «Сірыус» Павел Яхімовіч.
Марыі Мікалаеўне 74 гады. Частку яе шляху блізкім, міліцыі і валанцёрам удалося адсачыць па запісах камер відэаназірання. На аўтобусе пенсіянерка даехала да вуліцы Панчанкі, і далей яе след згубіўся.
Шукаць Марыю пачалі адразу ж: жанчына мае дэменцыю, таму была дэзарыентаваная і мела патрэбу ў медыцынскай дапамозе.
— Да 8 жніўня пра Марыю Мікалаеўну не было ніякай інфармацыі. Увесь гэты час пошукі не спыняліся, — расказвае Павел Яхімовіч. — І толькі ў мінулую суботу з'явілася зачэпка: вывучаныя відэаматэрыялы паказалі, што жанчына выйшла з аўтобуса ў раёне 4‑га завулка Мантажнікаў, побач з лесапаласой. Мы накіравалі туды два кіналагічныя разлікі для праверкі небяспечных прыродных пастак у гэтым раёне.
Увечары 11 жніўня сабакі знайшлі пенсіянерку, якая ляжала ў густым хмызняку.
Яна была ў прытомнасці, але цалкам знясіленая — верагодна, жанчына амаль нічога не піла і дакладна нічога не ела.
— Валанцёры накрылі яе тэрмакоўдрай, змачылі вусны вадой і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі.
Калі казаць аб'ектыўна, зараз Марыя Мікалаеўна ў вельмі цяжкім стане, яна ў рэанімацыі. Мяркуючы па ўсім, калі жанчына зайшла ў лес, то ўпала і заставалася ў такім становішчы да таго часу, пакуль яе не знайшлі.