БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, які прысуд вынеслі ва Украіне беларускаму добраахвотніку, арыштаванаму за наркотыкі

12.08.2026 / 20:38

Nashaniva.com

Юрый Гарупа атрымаў мінімальнае пакаранне, але ўсё адно гэта вялізны тэрмін.

Юрый «Хмель» Гарупа. Фота: сацыяльныя сеткі

Юрый Гарупа — былы беларускі добраахвотнік.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Стрэльна Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. З'ехаў у Польшчу, а пасля акупацыі Крыма перабраўся ва Украіну. Гарупа быў у шэрагах «Правага сектару». Калі пачалася поўнамаштабная вайна, далучыўся да беларускай роты пры «Азове».

У красавіку 2022 года Гарупа быў паранены. Яму разарвала цалкам левую сценку мачавога пухіра. Была раздробленая тазавая костка, перабітыя нервы на правай руцэ, разарваная барабанная перапонка правага вуха, а таксама разарваная сятчатка правага вока. Давялося выдаліць частку страўніка. Яшчэ меў кантузію. З перадавой яго эвакуявалі.

Тым не менш беларус вярнуўся на фронт. У лютым 2023 года Гарупа быў залічаны разведчыкам асобнага батальёна спецпрызначэння 2‑га Інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны, а праз месяц стаў камандзірам мінамётнага ўзвода ў званні сяржанта.

Паралельна са службай, як вызначыў суд, ён наладзіў гандаль наркотыкамі. У студзені 2024 года паліцыя выявіла больш за дзясятак яго закладак у Хмяльніцкім — пакецікі з канабісам і псіхатропнымі рэчывамі 4‑MMC і альфа-PVP, схаваныя пад прадметамі, у дуплах дрэў і металічных канструкцыях. Пасля кожнай закладкі ён фатаграфаваў месца на свой айфон і перасылаў здымкі пакупнікам.

23 студзеня 2024 года яго затрымалі каля паштамата «Новай пошты» ў Хмяльніцкім, куды ён прыйшоў забраць пасылку са 127 грамамі альфа-PVP — асабліва вялікай партыяй гэтага псіхатропнага рэчыва.

Усяго ва ўсіх закладках і пры затрыманні ў яго знайшлі 9,5 г канабісу, звыш 127,5 г альфа-PVP і некалькі грамаў псіхатропнага рэчыва 4-MMC.

Гарупа цалкам прызнаў віну па абедзвюх частках артыкула 307 Крымінальнага кодэкса Украіны — незаконныя набыццё і захоўванне з мэтай збыту наркотычных і псіхатропных рэчываў. Суд не знайшоў ні змякчальных, ні абцяжарвальных акалічнасцяў і прызначыў яму 9 гадоў зняволення з канфіскацыяй усёй маёмасці, акрамя жылля.

Чытайце таксама:

Беларускага добраахвотніка Жэрара вызвалілі з-пад варты пад заклад

Артылерыст Палка Каліноўскага развітаўся са сваім Беляшом

Былы рэдактар Nexta Ян Рудзік стаў бацькам. Яны з сям'ёй перабраліся ў Польшчу

Каментары да артыкула