БЕЛ Ł РУС

Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам

12.08.2026 / 20:52

Nashaniva.com

Яшчэ мінулай зімой здавалася, што Еўрапейскі саюз канчаткова злез з расійскай газавай іголкі і навучыўся жыць у новай рэальнасці без энергетычных крызісаў. Амерыка і Нарвегія замянілі Расію ў якасці галоўнага пастаўшчыка прыроднага газу. Зіма 2026—2027 гадоў абяцала нізкія цэны, аднаўленне попыту і еўрапейскай прамысловасці. Але тут прыйшла новая бяда, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Тэрмінал са звадкаваным прыродным газам у літоўскай Клайпедзе. Фота: Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images

Традыцыйна летам газ таннее, і Еўропа закупляецца на зіму наперад. Звычайна да канца кастрычніка Еўрасаюз назапашвае каля 100 мільярдаў кубаметраў газу ў падземных сховішчах, што эквівалентна прыкладна палове зімовага попыту і кампенсуе каля 25—30% патрэб ЕС у ацяпляльны сезон, бо сховішчы вычэрпваюцца не на 100% і да вясны ў іх яшчэ застаецца нейкая колькасць газу.

Але вось зіма ўжо зусім блізка, а газ так і не патаннеў. Запасы ў сховішчах рэкордна нізкія для пачатку жніўня — усяго каля 60%, або трохі менш за 60 мільярдаў кубаметраў. Эксперты ўпэўненыя, што рэкамендаваны ЕС узровень на 90% запаўняльнасці да 1 лістапада ці ў крайнім выпадку да 1 снежня ўжо недасяжны, і калі зіма выдасца суровай, цэны ўзляцяць і Еўропа пагрузіцца ў новы энергетычны крызіс.

З гэтай нагоды злараднічае спецпрадстаўнік Крамля Кірыл Дзмітрыеў.

«ЕС стаіць перад пагрозай энергетычнага крызісу з ўласнай віны», — напісаў ён і прымацаваў да твіта графік запаўняльнасці сховішчаў і гіфку Джона Сноў з «Гульні тронаў», дзе замест «зіма блізка» падпісаў «рахункі блізка», імаверна, маючы на ўвазе рахункі за газ і святло для еўрапейскіх спажыўцоў.

Аднак Расія ў гэтым крызісе ні пры чым. Галоўная прычына — вайна ЗША ды Ізраіля з Іранам.

Незвычайнае лета

«Летам звычайна спакойна. Але не гэтым летам», — тлумачыць праблему з папаўненнем запасаў газу ў Еўропе Эн-Сафі Карбо, экспертка па энергетыцы з Калумбійскага ўніверсітэта.

«У найлепшым выпадку сховішчы да ацяпляльнага сезону запоўняцца на 70—80%. Калі зіма будзе мяккай, нічога страшнага, — сказала яна. — Але калі будзе холадна, пахмурна і бязветрана, пачнуцца складанасці».

Тэмпы папаўнення запасаў моцна адстаюць не толькі ад тэмпаў апошніх гадоў, калі ЕС стаў патрабаваць ад краін — членаў блока запаўняць сховішчы на 90% перад абліччам расійскай агрэсіі ва Украіне. Яны зараз нават ніжэйшыя, чым у адносна добрую пяцігодку з 2016 да 2021 года, паказваюць разлікі даследчага цэнтра Bruegel.

Усё таму, што мінулай зімой пакупнікі вырашылі, што Еўропа навучылася жыць без расійскага газу і наперадзе — толькі нізкія цэны.

І сапраўды, у студзені 2026-га, нягледзячы на суровую зіму і нізкія запасы, газ каштаваў прыкладна столькі ж, колькі ў студзені 2025 года — 30—35 еўра за мегават-гадзіну. Гэта вышэй за даваенныя 20 еўра, але цалкам па кішэні еўрапейскім спажыўцам.

І ў іх былі ўсе шанцы разлічваць на тое, што газ патаннее, — бо калі раней цэны не раслі толькі дзякуючы поўным сховішчам і цёплай зіме, то мінулай зімой яны не зніжаліся толькі дзякуючы вычарпаным запасам і холаду.

Да таго ж два галоўныя сусветныя вытворцы звадкаванага газу — ЗША і Катар — абяцалі павялічыць пастаўкі на сусветны рынак. Катар павінен быў у канцы гэтага года ўвесці ў строй новую чаргу свайго мегазавода ў Рас-Лафане, і цэны да вайны адлюстроўвалі чаканне лішку газу на рынку.

Таму еўрапейцы не спяшаліся запаўняць падземныя сховішчы да наступнай зімы, разлічваючы на зніжэнне цэн летам. Але Дональд Трамп, пачаўшы вайну на Блізкім Усходзе, распарадзіўся інакш.

Газу не хапае

З пачаткам бамбавання Ірана ў першых чыслах сакавіка цэны газу ў Еўропе выраслі прыкладна да 50 еўра следам за цэнамі нафты. Іранскія ўдары ў адказ знішчылі 17% магутнасцяў комплексу ў Рас-Лафане, які вырабляе 20% усяго звадкаванага газу ў свеце.

Пасля чаго прыйшло кароткае перамір'е, за час якога нафта патаннела, але газ — амаль не. Цяпер ён каштуе ў Еўропе 60 еўра за мегават-гадзіну.

«У адрозненне ад нафтавага рынку, на газавым няма стратэгічнага рэзерву», — тлумачыць Эн-Сафі Карбо.

Дзеля кампенсацыі страчанага праз вайну ў Персідскім заліве заходнія краіны вырашылі распрадаць 400 мільёнаў бараляў з рэзерваў. Страты былі вышэйшымі — больш за 1 мільярд бараляў, але як толькі Армузскі праліў адкрыўся, цана нафты знізілася.

Нічога падобнага няма на адносна маладым рынку газу. Тут цэны моцна залежаць ад бягучага балансу попыту і прапановы, а з гэтым — складанасці.

«Крызіс абцяжарваецца праз летнюю спякоту і патэнцыйна рэкордны Эль-Ніньё, — кажа Эн-Сафі Карбо. — Калі вайна пачыналася, я думала: нічога, Азія будзе спажываць трохі менш газу. Але ў выніку спёка і кандыцыянеры прывялі да таго, што попыт там, наадварот, вырас».

Ці чакаць крызісу

Пакуль працягваецца іранская вайна, Еўропа будзе знаходзіцца ў падвешаным стане. Але ўсё можа памяняцца вельмі імкліва, адзначаюць эксперты Оксфардскага інстытута энергетычных даследаванняў (OIES).

«Цэны ф'ючарсаў паказваюць на тое, што ў студзені газ, магчыма, будзе каштаваць танней, чым зараз. Таму які сэнс запаўняць сховішчы летам, калі зімой можна проста купіць гэты газ на рынку?», — пішуць яны.

Еўрапейскае агенцтва ACER, якое каардынуе нагляд за энергетыкай ва ўсіх 27 краінах Еўрасаюза, таксама ўпэўненае, што ўсё абыдзецца, бо за апошнія гады ЕС з лішкам забяспечыў сябе тэрміналамі для рэгазіфікацыі звадкаванага газу.

«Магутнасці рэгазіфікацыі дапамогуць кампенсаваць нястачу запасаў у падземных сховішчах, — адзначае ACER. — Пры адэкватнай прапанове звадкаванага газу».

Іншымі словамі, пытанне ў цане. Калі іранская вайна скончыцца, спёка спадзе і ніякіх новых праблем не ўзнікне, Еўропа лёгка перажыве гэтую зіму. А калі не, то…

«Сістэма крайне няўстойлівая. Можа здарыцца ўсё што заўгодна. Напрыклад, украінцы вырашаць узарваць расійскія газаправоды ў Турцыю або «Ямал-ЗПГ». Або ураган у Амерыцы адаб'ецца на аб'ёмах экспарту звадкаванага газу. Тады цэны дакладна вырастуць», — сказала Эн-Сафі Карбо.

Чытайце таксама:

ЕС можа дазволіць еўрапейскім кампаніям яшчэ год перавозіць расійскі газ

На прадпрыемстве ў Катары па вытворчасці ЗПГ прагрымеў магутны выбух: 54 чалавек пацярпелі, 18 зніклі без вестак

У Манголіі ўвялі продаж паліва па цотных і няцотных нумарах аўтамабіляў. Краіне адгукаецца залежнасць ад Расіі

Каментары да артыкула