БЕЛ Ł РУС

Кэралайн Левіт пакідае пасаду прэс-сакратара Белага дома

13.08.2026 / 07:32

Nashaniva.com

Левіт заняла пасаду прэс-сакратаркі Белага дома ва ўзросце 27 гадоў.

Кэралайн Левіт. Фота: Win McNamee/Getty Images

Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт пакіне сваю пасаду ў канцы жніўня, абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, піша Бі-бі-сі.

Левіт, якую Трамп назваў адной са сваіх «самых давераных памочніц», вырашыла сысці з пасады, каб больш часу праводзіць з сям’ёй і маленькімі дзецьмі. Прэзідэнт напісаў у сацыяльных сетках, што «цалкам разумее і паважае гэтае рашэнне».

«Цяпер Кэралайн будзе адной з маіх галоўных знешніх дарадцаў і ўплывовым голасам у Рэспубліканскай партыі», — напісаў Трамп.

Левіт заняла пасаду прэс-сакратара Белага дома ў студзені 2025 года. Тады ёй было 27 гадоў, і яна стала самай маладой прэс-сакратаркай у гісторыі амерыканскай адміністрацыі. Пакуль невядома, хто зойме яе месца.

Левіт таксама была прэс-сакратаркай перадвыбарчай кампаніі Трампа ў 2024 годзе. Яна лічыцца адной з найбольш прыкметных прадстаўніц руху MAGA (Make America Great Again — «Зробім Амерыку зноў вялікай»), які аб’ядноўвае прыхільнікаў Трампа.

Левіт, перакананая прыхільніца Трампа, напісала ў сацыяльнай сетцы X, што праца ў Белым доме стала для яе «гонарам і прыгодай усяго жыцця».

«Быць маці, выхоўваць нованароджанае дзіця і адначасова працаваць на адной з самых патрабавальных пасад у свеце — гэта, мякка кажучы, самы насычаны і складаны, але ў той жа час самы шчаслівы перыяд майго жыцця», — напісала яна.

У лютым мінулага года яе офіс узяў пад кантроль фармаванне прэс-пулу Белага дома, пазбавіўшы Асацыяцыю карэспандэнтаў Белага дома арганізацыйных паўнамоцтваў. Акрамя таго, адміністрацыя на некаторы час абмежавала доступ агенцтва Associated Press да працы прэс-пулу праз яго адмову выкарыстоўваць назву «Амерыканскі заліў» замест Мексіканскага заліва.

Пры гэтым прыхільнікі адміністрацыі Трампа высока ацэньвалі Левіт за тое, што яна паслядоўна прытрымлівалася афіцыйнай лініі Белага дома і актыўна абараняла палітыку прэзідэнта.

Левіт займае другое месца па працягласці працы на пасадзе прэс-сакратара сярод супрацоўнікаў абедзвюх адміністрацый Трампа. Даўжэй за яе гэтую пасаду займала толькі Сара Хакабі Сандэрс.

Пакуль невядома, хто стане шостым галоўным прадстаўніком Трампа па сувязях з прэсай за два яго прэзідэнцкія тэрміны.

Чытайце таксама:

Прэс-сакратарка Трампа нарадзіла дачку

Каментары да артыкула