БЕЛ Ł РУС

«Мне трэба пятнаццаць ключоў ад дамафонаў». Як людзі прымушаюць аферыстаў лаяцца і кідаць слухаўку

13.08.2026 / 11:27

Nashaniva.com

Звоніць незнаёмы нумар, вы падымаеце слухаўку — але звычайная размова па тэлефоне можа скончыцца стратай усіх зберажэнняў ці нават кватэры. У такіх «размовах» часта гучаць абразы, запалохванні, пагрозы судом, але многім «ахвярам» удаецца захаваць самавалоданне. Чытачы Onliner дзеляцца запісамі і скрыншотамі, якія паказваюць, як працуюць махлярскія сцэнары.

Свёкра Кацярыны апрацоўвалі па тэлефоне амаль дзве гадзіны, расказвае дзяўчына. Патэлефанавалі са звычайнага беларускага нумара, удакладнілі пра змену тарыфнага плана ў «Белтэлекаме», мужчына назваў свае пашпартныя даныя.

— На наступны дзень пачалі тэлефанаваць праз вайбер (і праз тэлеграм таксама спрабавалі): чалавек у форме, у кабінеце, на фоне сцяга Беларусі, сыпаў юрыдычнымі тэрмінамі. Абвінавацілі свёкра ў тым, што ён са свайго рахунку пераводзіў грошы тэрарыстам.

Стандартная схема: «вы сталі саўдзельнікам, цяпер вас пакараюць паводле Крымінальнага кодэкса». Пачалі пытацца, колькі грошай у банку, колькі наяўных дома, патрабавалі доступ да рахунку і дэклараваць наяўныя.

Выратавала тое, што сям’я рэгулярна праводзіла з мужчынам гутаркі пра махляроў — калі аферысты пачалі выманьваць CVV-код карты, свёкар Кацярыны ўсё ж адключыў мабільны і патэлефанаваў ёй з хатняга тэлефона.

— Я прыехала, уключылі яго тэлефон — адразу званок. «Таварышы» пачалі мяне запалохваць, што я цяпер таксама пад следствам. Але як толькі я ўключыла сваё ўменне спрадвечнай лаянкі, яны адразу зразумелі, што іх раскрылі, і нават пачалі пасмейвацца, што хоць новым словам навучацца.

Пасля гэтага я наладзіла тэлефон свёкра так, каб ён больш не трапляў у такую сітуацыю:

«Асабіста прыеду пераправеру, што з дамафонам»

Мікалай расказвае: пра тое, што тэлефануюць махляры, ён здагадаўся адразу, як толькі ўбачыў расійскі нумар. Ён уключыў дыктафон і запісаў такую размову:

— У вас заўтра будзе планавая замена дамафонаў у пад’ездзе.

— У якім горадзе?

— У вашым.

Далей у размове мужчынскі голас пагражае, што Мікалай застанецца без ключоў, а потым і ўвогуле паўстане перад судом.

— Не дай бог вы зломіце дамафон, будзем судзіцца. Асабіста прыеду пераправеру, што будзе з новым дамафонам.

— Буду вас чакаць.

У другі раз махляры ўпарта прытрымліваліся той жа «дамафоннай» схемы, а Мікалай вырашыў ім падыгрыць. На пытанне, колькі ключоў да новай прылады яму трэба, малады чалавек адказаў: адзінаццаць — маўляў, няхай будуць у запасе. Махляр, у сваю чаргу, паведаміў, што, акрамя камплекта ключоў, у кожнага жыхара дома павінен быць яшчэ і індывідуальны код ад дамофона.

— На маю кватэру, калі ласка, не рэгіструйце ніякага кода.

— У такім выпадку накіроўваю вам нумар для атрымання ключоў у майстра.

— Пачакайце, выпраўце: не адзінаццаць — пятнаццаць трэба ключоў.

Тут у махляра даў збой сцэнар, і ён таксама кінуў слухаўку.

Мікалай кажа, што быў яшчэ і трэці званок — і зноў наконт дамафона, але малады чалавек знаходзіўся за рулём і не мог размаўляць.

— Відаць, схема працуе на ўра, вось махляры нічога ў ёй і не мяняюць, — рэзюмуе Мікалай.

Жонцы Сяргея патэлефанавалі з незнаёмага нумара ў месенджары. Сяргей расказвае: жонка засумнявалася, але вырашыла, што гэта можа быць яе стрыечная сястра, якая якраз паехала ў Расію. Дзяўчына адказала на званок і пачула голас маладога мужчыны.

— Пісьменная, пастаўленая мова, ветлівы, звяртаецца па імені і імені па бацьку. Пытаецца, чаму не забірае на пошце паведамленне з Міністэрства па падатках і зборах.

Дзяўчына пагадзілася ў найбліжэйшыя дні забраць дакумент, але сумненні ў сям’і ўжо ўзніклі. Тут суразмоўца пачаў удакладняць пашпартныя даныя жонкі Сяргея, і маладыя людзі канчаткова пераканаліся, што размаўляюць з аферыстамі.

— Я гучна сказаў побач з тэлефонам: «Гэта махляры, вырубай». Жонка ўжо хацела скінуць званок і адвяла слухаўку ад вуха, але той малады чалавек, пачуўшы мужчынскі голас побач, пачаў яе абражаць.

Такі ветлівы і інтэлігентны малады чалавек імгненна ператварыўся ў брыдкаслова, калі зразумеў, што яго раскрылі і яму нічога не свеціць.

Нумар, вядома, адразу заблакавалі, абтэлефанавалі родных і знаёмых, папярэдзілі, каб былі ўважлівыя.

Пра шматступеньчатыя схемы, першы этап якіх — званок з пошты, мы расказвалі ўжо не раз. У выпадку Сяргея нумар таго, хто тэлефанаваў у месенджары, таксама вызначаўся як «Белпошта». Так махляры спрабуюць усыпіць пільнасць «ахвяры».

«Будзе збіраць у такіх жа падманутых грошы»

На што звяртаць увагу і як адказваць на званкі, калі тэлефануе меркаваны махляр, журналісты даведаліся ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, у начальніка ўпраўлення ўласнай бяспекі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Аляксандра Іванова.

Назву гэтага ведамства аферысты часта выкарыстоўваюць у сваіх схемах: разумеюць, як на недасведчанага чалавека паўплывае званок з «Дэпартамента фінансавага маніторынгу» або «Дэпартамента фінансавых расследаванняў».

Іронія ў тым, што КДК не займаецца дэклараваннем грошай, інкасацыяй банкнот і наогул не цікавіцца, колькі грошай у чалавека дома (калі чалавек, вядома, не ўзяў хабар).

— Вельмі часта махляры прадстаўляюцца работнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, Дэпартамента фінансавага маніторынгу, могуць дэманстраваць «службовы кабінет», пасведчанні, форменнае адзенне. Цывільнаму чалавеку можа быць незразумела, што гэта не форменнае адзенне ДФР, і ён паверыць.

Але галоўнае — памятаць, што работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю або Дэпартамента фінансавых расследаванняў не праводзяць апытанні па тэлефоне, не вядуць расследаванні або аператыўную працу ў рэжыме тэлефонных званкоў.

— Гэта значыць, калі вам патэлефанавалі «з КДК» і прапануюць дапамагчы выкрыць злачынцу, узяць крэдыт, перадаць грошы — што заўгодна, ніколі гэтага не рабіце. Ведайце, што на сувязі махляры. Калі вы нам і спатрэбіцеся, вас запросяць у КДК і высветляць усю інфармацыю на месцы, — кажа прадстаўнік ведамства.

Звяртайце ўвагу таксама на прэфікс нумара тэлефона

Адна з махлярскіх схем — аферысты прапануюць беларусам стаць «пазаштатнымі інспектарамі або рэгіянальнымі прадстаўнікамі КДК» і выконваць даручэнні, нібыта папоўніць шэрагі супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю на час аперацыі па затрыманні махляроў. Але пазаштатныя і рэгіянальныя супрацоўнікі, куратары, інкасатары і іншыя няісныя пасады — гэта толькі плод фантазіі зламыснікаў.

Насамрэч з «рэгіянальнага супрацоўніка» зробяць кур’ера, які будзе ездзіць па гарадах, збіраць у такіх жа падманутых людзей грошы і перадаваць іх махлярам.

— Людзі пішуць заяву: «Прашу прыняць мяне на працу ў Камітэт дзяржаўнага кантролю». Іх нібыта прымаюць, дасылаюць загад — відавочна, фальшывы. Вось глядзіце:

  1. Бачу тут выходны нумар ад нейкай фразы са словам «вых.» (исх.). Выходныя нумары ёсць толькі ў лістоў, у загадзе — нумар без слова «вых.».
  2. Ніводны загад не пачынаецца са слова «Паважаны».
  3. «У абавязкі рэгіянальнага прадстаўніка ўваходзяць…» Зноў жа, абавязкі ніколі не пералічваюць у загадах аб прыёме на працу. Службовы загад — гэта кароткі распарадчы дакумент, дзе напісана, што чалавек прызначаецца на пасаду, і ўсё.
  4. У «загадзе Камітэта дзяржаўнага кантролю» подпіс старшыні праўлення. У нас — старшыня камітэта.
  5. Апагей сітуацыі — на «загадзе КДК» стаіць пячатка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Гэта значыць, дастаткова больш уважліва вывучыць гэтыя «дакументы», каб няўзброеным вокам заўважыць іх непраўдападобнасць. Найменшая нестыкоўка павінна выклікаць у чалавека падазрэнні: а ці сапраўды гэта КДК?

— У гэтым «загадзе» тыя ж ляпы: зноў «у абавязкі супрацоўніка інкасацыйнай службы ўваходзіць…».

У Камітэце дзяржаўнага кантролю няма інкасатараў.

Акрамя таго, Аляксандр Іваноў лічыць, што ўмоўнаму пенсіянеру, які ўсё жыццё прапрацаваў, напрыклад, слесарам на заводзе, напэўна, варта задумацца, з чаго б яго прымаюць на працу ў КДК (ды яшчэ дыстанцыйна) і чым ён можа дапамагчы ведамству.

«Забераце пакет ад «Рыгі» і пазбегнеце адказнасці? Так не бывае»

Начальнік упраўлення ДФР падкрэслівае: калі вам патэлефанавалі, асабліва ў месенджарах, гэта адразу чырвоны сцяг і нагода павысіць пільнасць, асабліва калі просяць нешта зрабіць.

— Напрыклад, патэлефанавалі і назвалі вас удзельнікам фінансавання тэрарызму або абвінавацілі ў тым, што вы раскрылі дзяржаўныя сакрэты. Ну вы ж ведаеце, удзельнічаеце вы ці не, ведаеце дзяржаўныя сакрэты ў прынцыпе ці не, — навошта панікаваць?

Дэклараванне, перадача на адказнае захоўванне, перавозка пакетаў ад універсама «Рыга» ў Магілёў не зробяць вас невінаватымі.

Увогуле, не трэба нікому верыць. Нават калі ёсць нейкія прэтэнзіі з боку дзяржаўнага органа, у такіх сітуацыях самае галоўнае — не прымаць паспешлівых рашэнняў. Гэта і псіхолагі раяць. Першы крок — запаволіцца або спыніцца, каб уключылася крытычнае мысленне.

«Калі супрацоўнік на вас крычыць, ён дакладна лжэсупрацоўнік»

Калі ёсць сумненні, Аляксандр Іваноў раіць ператэлефанаваць у ведамства, супрацоўнікам якога прадставіўся махляр, і ўдакладніць, ці працуе там такі чалавек, або абмеркаваць сітуацыю з блізкімі людзьмі, прычым як мага хутчэй. Дарэчы, па тэлефонах даверу дзяржаўных органаў можна і паскардзіцца, калі паводзіны сапраўднага работніка здаліся некарэктнымі.

— У нас людзі як: ім патэлефанавалі, прадставіліся супрацоўнікам — чалавек ужо чагосьці баіцца. Дык вось, у першую чаргу тут павінен быць не страх, а цікаўнасць: чаго гэта мной цікавяцца, лепш схаджу ды спытаю, чым я, просты грамадзянін, зацікавіў фінансавую разведку, КДБ, КДК.

— А махляры нагнятаюць сітуацыю, пагражаюць арыштам, ператрусам. Калі ператрус сапраўды патрэбны, загадзя пра яго не папярэджваюць, але і палохаць гэтым не будуць. Што, бомбу дома знойдуць? Людзі павінны памятаць, што супрацоўнікі сілавых органаў абавязаныя звяртацца з людзьмі карэктна і паважліва.

Калі на вас крычаць, псіхалагічна ціснуць, адразу зразумела, што супрацоўнік фальшывы.

«Ледзь не прадала кватэру ўпотай ад унукаў»

Аднак у практыцы ведамства ёсць і гісторыі са шчаслівым канцом. Прадстаўнік КДК расказвае, як аднойчы махляры вельмі доўга апрацоўвалі бабулю, пераконвалі, што яна дапамагае выкрываць злачынцаў, пры гэтым забаранялі «разгалошваць дзяржаўную таямніцу» і расказваць пра гэтую «аперацыю».

Аферысты пераканалі пенсіянерку прадаць кватэру і пералічыць грошы на бяспечны рахунак. Жанчына ўжо нават заключыла дамову з рыэлтарскім агенцтвам, адбылося некалькі праглядаў кватэры.

— На шчасце, дзеці неяк заўважылі нешта нядобрае, зразумелі, што гэта махляры. Патэлефанавалі мне, кажуць: бабуля быццам пад гіпнозам. І мы ўсе разам — дзеці, я — больш за паўгадзіны тут, у кабінеце, пераконвалі яе, што ўсё гэта пустое. Добра, што прадаць кватэру яна не паспела.

Яшчэ адна сітуацыя, якая скончылася добра: рабочы з Магілёва прывёз у Мінск для «дэкларавання» каля 5—7 тыс. рублёў. Выратавала тое, што махляры «загуляліся» і пачалі перанакіроўваць яго на розныя адрасы.

— У чалавека ўзнікла падазрэнне, ён патэлефанаваў ва ўпраўленне ўласнай бяспекі, мы прапанавалі прыехаць да нас, а не па прызначаным махлярамі адрасе. Пераканалі, што такіх супрацоўнікаў няма, ніякага дэкларавання няма. Усё абышлося толькі выдаткамі на таксі.

Дарэчы, Дэпартамент фінансавага маніторынгу пастаянна рэкамендуе беларускім банкам звяртаць увагу на кліентаў, якія просяць аформіць крэдыт.

— Значная доля адказнасці ляжыць на супрацоўніку банка, які кантактуе з ахвярай махляроў. Відаць жа, што чалавек паводзіць сябе дзіўна, хвалюецца, перажывае. Менавіта таму мы і лічым, што патрэбная пэўная паўза, «перыяд астуджэння» перад афармленнем дамовы. І ёсць выпадкі, калі работнікі банкаў высвятляюць сапраўдную прычыну звароту па крэдыт і адгаворваюць людзей.

З аднаго боку, паводле слоў Аляксандра Іванова, махляры робяць стаўку на прававую непісьменнасць людзей. З іншага — сярод кур’ераў ёсць не толькі падманутыя беларусы. Сустракаюцца і такія, хто свядома спрабуе падзарабіць такім чынам. Аляксандр Іваноў нагадвае галоўны алгарытм, паводле якога трэба дзейнічаць, калі вас просяць паўдзельнічаць у аператыўнай працы, паведаміць код з SMS, задэклараваць грошы або здзейсніць іншыя дзеянні:

  1. Не паведамляйце тым, хто тэлефануе, свае персанальныя даныя і коды.
  2. Неадкладна кладзіце слухаўку. Павінен дзейнічаць прынцып «нулявога даверу».
  3. Абмяркуйце сітуацыю са сваякамі і блізкімі людзьмі, нягледзячы ні на якія патрабаванні махляроў захоўваць таямніцу.
  4. Ні ў якім разе не бярыце крэдыты па просьбе трэціх асоб, нікуды не пераводзьце свае грошы і не аддавайце іх невядомым.

З усімі сумненнямі — ва ўпраўленне ўласнай бяспекі КДК па тэлефоне 8 (017) 327— 55‑88 або ў міліцыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула