Расійская пенсіянерка пераканала студэнта, што на ім смяротныя сурокі, і забрала грошы. А пасля чатыры гады хавалася ў Беларусі
У паліцыі жанчына прызналася, што вызначыла ў кіроўцу лоха — і не змагла прайсці міма.
Пенсіянерка з Расіі, якая пад выглядам зняцця сурокаў выманьвала грошы ў людзей, амаль чатыры гады хавалася ад суда — пакуль не была арыштаваная ў Беларусі.
Пра гэта сведчыць прыгавор Аляксееўскага раённага суда Белгарадскай вобласці Расіі ад 15 студзеня 2026 года.
Восенню 2021 года 20‑гадовы студэнт з горада Аляксееўка (Белгарадская вобласць, Расія) падвёз на сваёй машыне незнаёмую жанчыну — Вольгу Волкаву. Падчас паездкі яна заявіла хлопцу, што на яго і яго родных наведзеныя сурокі, і прапанавала «дапамогу» — за грошы.
Волкава пераканалася, што студэнт паверыў, таму разыграла цэлы рытуал: дала яму ў рукі іконку, прымусіла хрысціцца і пляваць за плячо, вязала вузельчыкі на вяроўцы і замольвала грошы. Пад рознымі падставамі — «на манастыр», «на дарогу», «за бацьку», «за сястру» — яна за адзін дзень выманіла ў хлопца каля $500, якія ён здымаў у некалькі заходаў у банкамаце.
Праз два дні махлярка сама патэлефанавала ахвяры і папрасіла зноў яе падвезці — там яе і затрымала паліцыя.
На допыце Волкава прызналася, што ніякім «зняццем сурокаў» ніколі не займалася, а проста на вока вызначыла ў кіроўцу «лоха».
Справа зацягнулася, бо пенсіянерка схавалася ад суда. У 2022 годзе яе абвясцілі ў вышук, але затрымалі толькі ў верасні 2025 года — у Беларусі. Праз некалькі месяцаў яе экстрадзіравалі ў Расію, а ў студзені 2026 года асудзілі.
Волкаву прызналі вінаватай у махлярстве, аднак з улікам адседжанага ад пакарання вызвалілі. Толькі трэба вярнуць грошы студэнту.