БЕЛ Ł РУС

«З вывучэннем беспілотнікаў». Як зменіцца дапрызыўная падрыхтоўка ў дзесяцікласнікаў 

13.08.2026 / 13:42

Nashaniva.com

У дзяўчат істотна пашыраны практычны блок па медыцынскай падрыхтоўцы.

Фота: Прысталічча

Вывучэнне беспілотных лятальных апаратаў і тактычная медыцына ўвойдуць у абноўленую праграму па прадмеце «дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка» для беларускіх дзесяцікласнікаў у новым навучальным годзе. Пра гэта паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, піша БелТА.

Як падкрэсліў намеснік кіраўніка ведамства, у новым навучальным годзе сістэма школьнай адукацыі працягвае развівацца ў адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі кіраўніком дзяржавы.

«Гаворка ідзе пра тэхнічную карэкціроўку вучэбных планаў і праграм. Новых прадметаў не дадаецца, пераразмеркавання дысцыплін па класах няма. Галоўная мэта сённяшніх дыялогавых пляцовак — абмеркаваць са спецыялістамі на месцах кропкавыя моманты, якія патрабуюць увагі перад першым верасня», — растлумачыў Аляксандр Кадлубай.

Асобны акцэнт намеснік міністра зрабіў на змесце прадмета «дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка». У вучэбную праграму дзесятых класаў унесены своечасовыя і практыка-арыентаваныя змены.

«Мы ўзмацнілі практычны складнік. Для дзесяцікласнікаў-хлопцаў у праграму ўключаны 10‑гадзінны курс па вывучэнні і навыках кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі.У дзяўчат істотна пашыраны практычны блок па медыцынскай падрыхтоўцы — укаранёны элементы тактычнай медыцыны. Змянілі баланс на карысць практычных заняткаў і павялічылі іх аб’ём. Мы адышлі ад чыстай тэорыі да канкрэтных навыкаў, неабходных у рэальных умовах», — расказаў намеснік міністра.

Аляксандр Кадлубай высока ацаніў вопыт правядзення 10‑дзённых вучэбна-палявых збораў для дзесяцікласнікаў, якія сёлета ўпершыню прайшлі ў абноўленым выязным фармаце на базе вайсковых часцей і аздараўленчых устаноў.

«Мы атрымалі выключна станоўчыя водгукі ад саміх юнакоў і калег з сілавога блока МУС, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства абароны. Асабліва ад тых хлопцаў, якія праходзілі вучэбна-палявыя зборы ў выязным фармаце, а не ва ўстановах адукацыі. Такі фармат забяспечвае максімальнае засваенне практычных навыкаў і дапамагае згуртаванню калектыву. Узаемадзеянне з вайсковай часцю 5448 — адзін з найлепшых прыкладаў у краіне, і сваю задачу мы бачым у тым, каб максімальна маштабаваць гэты вопыт на ўсю Беларусь», — падкрэсліў прадстаўнік Мінадукацыі.

Чытайце таксама:

Як праходзяць палявыя зборы ў школьнікаў — штурмаваць акопы і разбіраць аўтаматы вучаць і дзяўчат

Ці могуць старшакласнікі адмовіцца ад вучэбна-палявых збораў?

Каментары да артыкула