БЕЛ Ł РУС

Вясковец з-пад Беластока даказваў Беларусі, што дапамагаў савецкім партызанам. А калі не пракаціла, «успомніў», што належаў да Арміі Краёвай

13.08.2026 / 15:43

Nashaniva.com

Польшча канчаткова адмовіла 98‑гадоваму жыхару Падляшша ў кампенсацыі за палітычныя рэпрэсіі. Бо рэпрэсій у яго дачыненні не было.

Акруговы суд у Беластоку адмовіў 98‑гадоваму жыхару Падляшша J. B. у атрыманні амаль 60 тысяч еўра кампенсацыі за палітычныя рэпрэсіі. Пасля чатырох пасяджэнняў суд прызнаў: ніякай барацьбы за незалежнасць у яго біяграфіі не было — была пасляваенная сварка ў вёсцы і талент дзеда прыдумляць гісторыі.

Факты, якія суд усё ж прызнаў: 30 ліпеня 1946 года 20‑гадовага J. B. затрымалі супрацоўнікі павятовага ўпраўлення бяспекі і трымалі ў следчым ізалятары Беластока разам з суседам па вёсцы. Праз месяц адпусцілі — і адразу прапанавалі… уступіць у той жа орган бяспекі, які яго трымаў.

Усё астатняе — прыналежнасць да Арміі Краёвай, служба ў партызанскім атрадзе, допыт па артыкуле аб прыналежнасці да AK, сустрэча з суддзёй, які нібыта прыехаў на месца агалосіць яму смяротны прысуд, і нават загад выкапаць сабе магілу — суд прызнаў выдумкай.

Гісторык-эксперт Інстытута нацыянальнай памяці па пунктах разбіў версію дзеда: камандзір, на якога той спасылаўся, ніколі не карыстаўся названым псеўданімам і не кіраваў атрадам у той мясцовасці; арганізацыя, у якую нібыта ўваходзіў J. B., дзейнічала ў зусім іншых гмінах; а сусед па камеры, які, паводле дзеда, таксама быў «партызанам», праз тры месяцы пасля вызвалення сам уступіў у міліцыю — што, як адзначыў эксперт, немагчыма для чалавека з падпольным мінулым.

Дакумент, на які спасылаўся заяўнік як на доказ сваёй дзейнасці ў AK, аказаўся не афіцыйнай паперай, а запіскай на бланку складскога ўліку.

Пры гэтым суд устанавіў: у маладосці J. B. сапраўды супрацоўнічаў — але з савецкай партызанкай падчас нямецкай акупацыі, што супярэчыць мэтам AK. Пазней ён дамагаўся ветэранскага статусу і ў Польшчы, і нават у Беларусі — на падставе ўдзелу менавіта ў савецкім партызанскім руху. Але не склалася і там.

Дзеці вяскоўца прызналі, што ён не расказваў ім пра свае подзвігі. Жонка таксама заявіла, што нічога не ведае пра барацьбу мужа за незалежнасць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула