З-за абмялелага Дуная Румынія спыніла працу сваёй адзінай АЭС
Румынія ў чацвер, 13 жніўня, пачала поўнасцю спыняць працу сваёй адзінай атамнай электрастанцыі «Чарнаводэ». Прычынай стаў рэкордна нізкі ўзровень вады ў Дунаі, якая выкарыстоўваецца для астуджэння рэактараў, паведамляе Бі-бі-сі.
АЭС у Чарнаводэ. Фота: AP Photo/Andreea Alexandru
Атамная станцыя звычайна забяспечвае каля пятай часткі ўсёй электраэнергіі Румыніі. Яна мае два рэактары магутнасцю па 700 МВт кожны.
Яшчэ ў ліпені кампанія Nuclearelectrica была вымушаная спыніць адзін з двух рэактараў. Другі рэактар таксама давялося адключыць праз значнае і працяглае зніжэнне ўзроўню вады ў Дунаі.
Румынскія ўлады некалькі дзён спрабавалі не дапусціць поўнага спынення станцыі. Для павышэння ўзроўню вады і змянення рэчышча праводзіліся інжынерныя работы: у прыватнасці, падрывалі скалы і затаплялі чатыры баржы, загружаныя камянямі. На гэтыя меры ўжо выдаткавалі больш за 2 мільёны еўра.
Поўнае прыпыненне «Чарнаводэ» стала першай такой сітуацыяй пасля засухі 2003 года, калі станцыя таксама не працавала некалькі тыдняў.
Румынія ўжо абвясціла надзвычайную сітуацыю ў энергетычнай сферы на ўвесь жнівень. Улады заклікалі прадпрыемствы і насельніцтва добраахвотна скарачаць спажыванне электраэнергіі ў гадзіны вячэрняга піку.
Каб кампенсаваць дэфіцыт электраэнергіі, Румынія разлічвае на альтэрнатыўныя крыніцы, у тым ліку ветравую энергетыку і імпарт. Таксама была запушчана буравугальная электрастанцыя магутнасцю 330 МВт. Улады разлічваюць павялічыць выпрацоўку ветравой і гідраэнергіі ў залежнасці ад сітуацыі з вадой у вадасховішчах.
Праблемы праз абмяленне Дуная ўзніклі і ў Венгрыі. Там таксама існуе рызыка абмежавання працы АЭС «Пакш», якой для астуджэння рэактараў патрэбна вада з той самай ракі.
Венгерскі ўрад вырашыў правесці інжынерныя работы на рацэ і пабудаваць падводны парог папярок рэчышча, каб падняць узровень вады. Работы плануецца праводзіць кругласутачна з выкарыстаннем амаль 150 тысяч кубаметраў каменя і пры ўдзеле вайскоўцаў. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 6 мільярдаў форынтаў, або каля 19 мільёнаў даляраў.
Паводле разлікаў венгерскага ўрада, такі парог можа падняць узровень вады прыкладна на метр і дазволіць АЭС праз некалькі тыдняў аднавіць працу на поўную магутнасць.
У якасці часовай меры ўлады таксама разглядаюць магчымасць затапіць дзве 80‑метровыя баржы. Гэта магло б падняць узровень вады прыкладна на 20 сантыметраў і дазволіць станцыі працаваць да завяршэння будаўніцтва парога.
Рэзкае абмяленне Дуная прывяло і да нечаканых знаходак. У пачатку жніўня ў Будапешце з-пад вады паказаліся парэшткі двух нямецкіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Побач з імі знайшлі і амаль цалкам захаваны нямецкі матацыкл.
Нямецкая камісія па вайсковых могілках паведаміла, што разам з парэшткамі былі знойдзеныя апазнавальныя жэтоны абодвух салдат, заручальны пярсцёнак і знак вермахта. Таксама побач знайшлі супрацьтанкавыя міны, таму ўчастак берага часова закрылі. Знойдзеных салдат плануюць перапахаваць на нямецкіх вайсковых могілках у Будаёршы, недалёка ад Будапешта.
Чытайце таксама:
Каб не адключаць сваю АЭС, у Венгрыі тэрмінова мяняюць дно Дуная
У Румыніі збіраюцца спыніць ужо другі энергаблок АЭС праз абмялелы Дунай
У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС
У Венгрыі і Румыніі з-за спёкі і абмялення Дуная спынілі атамныя рэактары