Стала вядома, што за «сіндыкат» стаіць за сайтам, які вярбуе беларусаў ваяваць за Расію
У беларускай нацыянальнай даменнай зоне заўважылі сайт, які прапануе грамадзянам Беларусі падпісаць кантракт з расійскай арміяй і адправіцца на вайну ва Украіну. Выданне «Люстэрка» расказвае, як уладкаваная гэта схема, колькі каштуе камерцыйная вярбоўка і чаму кампанія-«сіндыкат» не выглядае надта надзейнай.
Выява з сайта, які заклікае беларусаў ваяваць на баку Расіі
Вярбоўшчыкі, якія не хаваюцца
На сайце прамым тэкстам прапануюць «падпісаць кантракт на СВА» беларусам ад 18 да 58 гадоў. За гэта абяцаюць аднаразовую выплату ў 2,3 мільёна расійскіх рублёў (каля 28 тысяч даляраў), а далей — штомесячнае грашовае забеспячэнне ў 260 тысяч расійскіх рублёў (каля 3200 даляраў). Прадугледжаныя дадатковыя выплаты за знішчэнне ўкраінскай тэхнікі, а таксама за магчымыя раненні і гібель.
«Рэкруцёры», як выглядае, зусім не хаваюцца:.бел — гэта афіцыйны нацыянальны дамен верхняга ўзроўню. Купіць такі адрас можна толькі ў акрэдытаваных у Беларусі рэгістратараў.
Скрыншот з сайта, які заклікае беларусаў ваяваць на баку Расіі
Пры гэтым наймаць беларусаў на вайну — незаконна. Крымінальны кодэкс прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел без дазволу беларускай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з бакоў або ваенных дзеяннях, за вярбоўку — ад пяці да дзесяці гадоў, калі не было прыкмет наёмніцтва. Для тых, хто едзе ваяваць дзеля грошай, пакаранні больш строгія: ад трох да сямі гадоў — самім наёмнікам, ад сямі да пятнаццаці гадоў — вярбоўшчыкам.
«Выдатны шанец праявіць сябе»
Кантакты сайта, які кліча беларусаў ваяваць за Расію, вядуць да вярбоўшчыка, падпісанага як Аляксандр. З сакавіка 2026 года ён актыўна публікаваў у тэлеграм-чатах пра пошук працы ў Беларусі аб'явы пра набор на кантрактную службу ў расійскім Мінабароны і пошук аператараў БПЛА, кіроўцаў-артылерыстаў, сувязістаў і санітараў.
Прыклад аб'явы вярбоўшчыка Аляксандра. Скрыншот: Telegram
Многія паведамленні Аляксандра выдаленыя — верагодна, адміністратары чатаў не былі гатовыя бачыць такую рэкламу. У выніку ён перайшоў на загадкавыя фармулёўкі накшталт «толькі канкрэтныя хлопцы» і «выдатны шанец праявіць сябе».
У красавіку 2026 года вярбоўшчык перастаў завальваць чаты рэкламай, а проста з'явіўся сайт защитник.бел, дзе пазначаны тэлеграм-акаўнт Аляксандра. Дадаткова ён завёў некалькі аднатыпных суполак у «Аднакласніках».
У размове з выданнем «Вот Так» Аляксандр запэўніваў, што служба будзе легальнай для беларусаў.
«Праблем [праз нас] не было ні ў каго, а беларусаў дастатковая колькасць выязджае. Прыедзеце — землякоў з дзясятак дакладна сустрэнеце, у нас усё на паток арганізавана», — дадаў ён.
Хто зарабляе на камерцыйнай вярбоўцы
У дакументах арыентаванага на беларусаў сайта пазначана, што за ім стаіць індывідуальны прадпрымальнік Данііл Алегавіч Радзівонаў, які зарэгістраваў сваю справу ў 2022 годзе. Па асноўным відзе дзейнасці гэта рэкламнае агенцтва, дадаткова паказаны таксама «падбор персаналу».
Арганізацыю пазіцыянуюць як «прафесійнае вайскова-кадравае агенцтва поўнага цыклу» пад назвай «Брацкі сіндыкат». Ёсць нават місія: «Старанна адбіраем кандыдатаў, ацэньваючы прафесійныя якасці і маральна-валявыя характарыстыкі».
Заказчыкамі «сіндыката» выступаюць ваенкаматы. Ім прапануюць пакідаць заяўку «для ацэнкі кошту падбору». Цану абяцаюць разлічыць індывідуальна, але мінімум за чалавека — 600 тысяч расійскіх рублёў (каля 7100 даляраў). Першы раз аплаціць прыйдзецца дзесяць кандыдатаў адразу, працуе «агенцтва» толькі па перадаплаце.
Скрыншот з сайта «Брацкага сіндыката»
Як і дзе працуе схема
У сам «сіндыкат» наймаюць рэкруцёраў, іх называюць «спецыялістамі па масавым падборы кандыдатаў на кантрактную службу». У якасці ганарару пазначаюць тыя ж 600 тысяч расійскіх рублёў за кожнага прыцягнутага кантрактніка. Праўда, з паметкай «да» — так што можа атрымацца і менш.
Рэкруцёры далей шукаюць ахвотных пайсці на вайну за грошы. На сайце пазначана, што «агенцтва» ўжо працуе ў Маскве і Маскоўскай, Варонежскай, Ніжагародскай, Магаданскай абласцях, Чукоцкай аўтаномнай акрузе. Ёсць таксама асобныя сайты для Растова-на-Доне і Набярэжных Чаўноў. Беларускі сайт на «мацярынскай» пляцоўцы пакуль не пазначаны.
Аўтары сайта сцвярджаюць, што ў іх дадатку ўжо ёсць больш за тысячу «актыўных агентаў». Калі хтосьці хоча працаваць у новым рэгіёне — неабходна заплаціць мільён расійскіх рублёў (каля 12 тысяч даляраў) за «ўкараненне».
Заснавальнік «сіндыката» з няпростай біяграфіяй
Самаму Даніілу Радзівонаву, пад імем якога дзейнічае «сіндыкат» вярбоўшчыкоў, 32 гады. Ён грамадзянін Расіі, родным горадам пазначае Брацк у Іркуцкай вобласці. У мінулым Радзівонаў працаваў у сферы азартных гульняў, цяпер прадстаўляецца як аперацыйны дырэктар уласнага ІП.
Цікава, што мужчына лічыцца ў спісах загінулых на вайне. Яшчэ ў 2023 годзе пра яго смерць паведаміла суполка ў ВК «Донбасс и Мы». Там жа пазначылі, што ён служыў у нейкай ПВК.
Скрыншот: 200.zona.media
Можна выказаць здагадку, што мужчына ўсё ж такі выжыў — мяркуючы па даных уцечак, ужо пасля паведамлення пра гібель на яго імя афармлялі анлайн-заказы і бралі пазыкі.
Да цяперашняга моманту ў арганізацыі Данііла Радзівонава багаты спіс судовых разглядаў: па рашэнні суда «сіндыкат» вінаваты больш за 4,5 мільёна расійскіх рублёў (53 тысячы даляраў) фонду «Садзеянне сем'ям удзельнікаў СВА» за нейкія неаказаныя паслугі. Меншыя сумы — індывідуальнаму прадпрымальніку і гарадскім электрасеткам. Яшчэ з адной кампаніяй разгляд працягваецца.
Чытайце таксама:
Украінцы назвалі лічбу беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, і колькі з іх загінулі