БЕЛ Ł РУС

Наступнае «Еўрабачанне» пройдзе ў балгарскім Бургасе

14.08.2026 / 07:45

Nashaniva.com

Чакалася, што будзе выбрана сталіца — Сафія.

Выступ пераможцы Еўрабачання-2026 балгарскай спявачкі Дары

Песенны конкурс «Еўрабачанне-2027» пройдзе 11—15 мая 2027 года на чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі, у горадзе Бургас, паведамілі Еўрапейскі вяшчальны саюз і Балгарскае нацыянальнае тэлебачанне.

У маі гэтага года «Еўрабачанне» праходзіла ў Вене. Яго перамагла балгарская спявачка Дара з запальным танцавальным хітом «Bangaranga». Гэта была першая перамога краіны на гэтым конкурсе, нагадвае Бі-бі-сі.

Дырэктар конкурсу Марцін Грын заявіў, што «ў захапленні» ад выбару месца правядзення, дадаўшы, што Бургас «прывядзе з сабой нешта сапраўды асаблівае» ў гэты конкурс.

Конкурс, уключаючы рэпетыцыі, паўфіналы і гранд-фінал, пройдзе ў найноўшым спартыўна-забаўляльным комплексе Arena Burgas, адкрытым у 2023 годзе.

«Гэта ажыўлены, гасцінны горад на Чорным моры з моцнай музычнай і культурнай самабытнасцю, і ў яго ёсць амбіцыі, інфраструктура і запал, неабходныя для таго, каб прыняць сям’ю «Еўрабачання»», — лічыць Грын.

Бургас — другі па велічыні горад на чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі (пасля Варны). Яго выбралі па шэрагу прычын, у тым ліку з-за колькасці месцаў для адпачынку і гатэляў, транспартнай даступнасці і магчымасці дабрацца туды з іншых краін.

Для некаторых стала нечаканасцю, што конкурс пройдзе менавіта там, а не ў Сафіі, сталіцы Балгарыі.

Чытайце таксама:

Еўрабачанне забараняе ваюючым краінам прымаць конкурс — новыя правілы

Каментары да артыкула