БЕЛ Ł РУС

Граф Смеццевае Вядро прайграў лідару Reform UK Фараджу на давыбарах у парламент Вялікабрытаніі

14.08.2026 / 09:48

Nashaniva.com

Найджэл Фарадж набраў 22 239 галасоў у акрузе Клэктан, абышоўшы Графа Бінфэйса (Смеццевае Вядро) на 12 784 галасы. 

Граф Смеццявае Вядро. Фота Richard Pelham / AP

Лідар брытанскай правапапулісцкай партыі Reform UK Найджэл Фарадж перамог на дадатковых выбарах у акрузе Клэктан, але адмовіўся прысутнічаць на абвяшчэнні вынікаў, піша The Huffington Post.

Фарадж атрымаў 22 239 галасоў, абышоўшы свайго галоўнага суперніка, Графа Бінфэйса (Count Binface, Граф Твар — Смеццевае Вядро, або Смеццеватвары) — сатырычнага персанажа, створанага комікам Джо Харві, які атрымаў 9 455 галасоў. Яўка на выбарах склала 44,37%.

Афіцыйнае абвяшчэнне пра перамогу Фараджа ў цэнтры вольнага часу Клэктана сустрэлі пераважна маўчаннем. Сам Фарадж і большасць сябраў яго партыі не прысутнічалі на цырымоніі абвяшчэння вынікаў. Партыя Reform UK без тлумачэння прычын таксама адмяніла запланаваны на раніцу пятніцы выступ Фараджа ў Клэктане.

Уначы Фарадж ужо абвясціў пра сваю пераканаўчую перамогу, заявіўшы, што выбаршчыкі «паказалі сярэдні палец» палітычнаму істэблішменту, піша Бі-бі-сі.

Граф Бінфэйс, за якім стаіць комік Джон Харві, — воін з планеты Sigma IX. На публіцы ён з’яўляецца ў чорна-шэрай форме, доўгім плашчы і шлеме ў форме смеццевага вядра. Ён ужо амаль дзесяць гадоў рэгулярна вылучаецца ў тых жа акругах, што і вядучыя брытанскія палітыкі. Напрыклад, у 2017 годзе ён супрацьстаяў прэм’ер-міністру Тэрэзе Мэй у яе роднай акрузе Мэйдэнхэд, таксама балатаваўся ў адной акрузе з прэм'ерам Рышы Сунакам. 

Давыбары былі прызначаныя ў сувязі з тым, што Фарадж, які прадстаўляў акругу ў ніжняй палаце брытанскага парламента, 7 ліпеня абвясціў, што датэрмінова складае свае паўнамоцтвы. Праўда, ён адразу даў зразумець, што зноў будзе балатавацца на гэтае месца.

Таксама ў выбарах удзельнічалі тры кандыдаты ад Жахліва-бязглуздай партыі вар’ятаў і актор Лоўрэнс Фокс.

Харві выкарыстоўвае вобраз Графа Бінфэйса не толькі для таго, каб высмейваць брытанскую палітыку і яе чапурыстыя традыцыі, але і каб стымуляваць дыскусіі пра дэмакратыю і заахвочваць выбаршчыкаў да ўдзелу.

На давыбарах у акрузе Клэктан ён удзельнічаў, каб паспрабаваць не пусціць у парламент папулярнага папуліста Найджэла Фараджа.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула