«Мы не былі слабейшыя — мы саступілі ў дробязях». У «МЛ Віцебск» пракаментавалі вылет з еўракубкаў
«Вы — красаўцы!»
У чэмпіёна Беларусі «МЛ Віцебск» пракаментавалі вылет з еўракубкаў.
«Мы не былі слабейшыя — мы саступілі ў дробязях. Зусім хутка мы абавязкова вернемся на еўраарэну, але першы паход, на вялікі жаль, заканчваецца ў 3‑м кваліфікацыйным раўндзе.
Мы кажам «дзякуй» усім, хто амаль паўтара месяца знаходзіўся ўдалечыні ад сваіх сем’яў, каб пра наш слаўны Віцебск пачулі ў Еўропе. Вы — красаўцы!», — паведамляе прэс-служба беларускага клуба.
Чэмпіён Беларусі па футболе «МЛ Віцебск» стартаваў з кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, але ўжо ў першым раўндзе вылецеў, атрымаўшы дзве паразы ад румынскай «Універсітаці» з Краёвы (1:4, 0:1).
Клуб працягнуў выступ у кваліфікацыі Лігі канферэнцый, прайшоўшы ў другім раўндзе чарнагорскую «Суцьеску», а ў трэцім раўндзе саступіўшы баснійскаму «Борацу». Тыдзень таму «Борац» у сябе дома выйграў 1:0, учора пасля дадатковага часу «МЛ Віцебск» перамагаў 2:1, але саступіў у серыі пенальці 2:4.
Ніводны беларускі клуб сёлета не здолеў дабрацца да асноўнага раўнду еўракубкаў. БАТЭ ў другім раўндзе Лігі канферэнцый прайграў швейцарскаму «Сьёну», а мінскае «Дынама» ўчора вылецела ад партугальскай «Брагі».