БЕЛ Ł РУС

У Беларусі збіраюцца ўвесці абавязковыя зоркі для гатэляў

14.08.2026 / 11:07

Nashaniva.com

Каб гасцініца атрымала нават адну зорку, трэба, каб там быў інтэрнэт і тэлевізар.

Нумар у гасцініцы «Прыпяць» у Пінску. Фота: турфірмы

У Беларусі хочуць увесці абавязковую сертыфікацыю гасцініц па пяцізоркавай сістэме. Цяпер атрымліваць такі статус уласнікі могуць добраахвотна.

Пра будучыя змены расказаў намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзяніс Бяшко у эфіры АНТ, піша «Точка».

Для атрымання нават адной зоркі гасцініцы трэба будзе адпавядаць базавым патрабаванням. Сярод іх — наяўнасць вады, інтэрнэту, тэлевізара і іншых неабходных выгодаў.

Для часткі аб'ектаў гэта будзе азначаць патрэбу ў абнаўленні. А тыя, хто не зможа забяспечыць мінімальны ўзровень, могуць часова прыпыніць працу да ліквідацыі недахопаў.

Асобную ўвагу плануецца ўдзяліць сэрвісу. Персанал хочуць навучаць.

Цяпер у Беларусі налічваецца 664 гасцініцы. Прычым нумарны фонд плануецца сур'ёзна пашырыць: дзеючая дзяржпраграма прадугледжвае яго павелічэнне на 30%. Яна ахоплівае таксама санаторыі і іншае.

Па пяцібальнай шкале стан гасцініц у рэгіёнах Дзяніс Бяшко ацаніў на тры.

«Ёсць і добрыя аб'екты, у тым ліку цудоўныя апарт-гатэлі ў гістарычных будынках. Але ёсць і шэраг гасцініц, над якімі яшчэ трэба будзе папрацаваць: аднаўляць, пераўтвараць для выгоды гасцей», — падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула