Беларусы выкупілі рэдкую гравюру Берасця XVII стагоддзя
Гэта адзіная дэталёвая выява старога горада, знішчанага ў XIX стагоддзі.
Гравюра «Горад і замак Берасце Літоўскае» (арыгінальная назва «Urbs et Castellum Brestzie Litewski»), выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Мастак — Эрык Ёнсан Дальберг. Фота тут і далей: MALDZIS
Ініцыятыва MALDZIS набыла гравюру «Горад і замак Берасце Літоўскае» (арыгінальная назва «Urbs et Castellum Brestzie Litewski»), выдадзеную ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Гэта адзіная дэталёвая выява старога Берасця, якое было цалкам знішчанае ў XIX стагоддзі ўладамі Расійскай імперыі для будаўніцтва Берасцейскай крэпасці.
Твор выкананы ў тэхніцы медзярыту. Сама гравюра каляровая, з ручной размалёўкай, памерам 35 на 49,5 см. На першым плане — панарама шведска-венгерска-казацкага войска каля сцен горада; у цэнтры — панарама і план Берасця з умацаваннямі, замкам, касцёламі і сінагогай.
Твор быў набыты на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі Дар’і Сліж і ў будучыні будзе перададзены ў Музей гісторыі горада Берасця ў якасці грамадскага падарунка.
У верасні гравюру можна будзе пабачыць у межах «Art-кавярні MALDZIS» у Варшаве.
Гэта гравюра выйшла ў кнізе шведскага барона Самуэля фон Пуфендорфа «De rebus a Carolo Gustavo Sueciae rege gestis», прысвечанай Другой паўночнай вайне 1655—1660 гадоў (вядомай як Патоп). Выданне змяшчае 115 медзярытаў, аснову якіх складаюць малюнкі шведскага вайсковага інжынера, архітэктара і мастака Эрыка Ёнсана Дальберга (1625-1703). Берасце — адзіны населены пункт у сучасных межах Беларусі, які трапіў у гэтую серыю.
Гравюра адлюстроўвае аблогу Берасця ў траўні 1657 года. Горад асадзілі шведскія войскі Карла X Густава разам з венграмі і запарожскімі казакамі на чале з князем Ракоцы. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон здаў горад. Праз два тыдні шведскае войска пакінула горад, перадаўшы яго венграм.
У цэнтры гравюры — панарама Берасця з паўночнага боку: замак, касцёлы, сінагога, умацаванні і прадмесце Лозкі. Ніжэй паказаная сутычка літоўскіх драгунаў з варожай конніцай. У правым ніжнім куце — дзевяць найвышэйшых асобаў варожых войскаў, у тым ліку сам шведскі кароль Карл X Густаў і князь Трансільваніі Юрый II Ракоцы. А над ніжнім картушом — сам аўтар, Эрык Дальберг, паказаны ў выглядзе вершніка. Мастак увекавечыў сябе як удзельніка тых падзеяў.
Паводле меркавання берасцейскага краязнаўцы і гісторыка Анатоля Нікітчыка, Дальберг стварыў гравюру ў 1691—1696 гадах на падставе ранейшых замалёвак і ўспамінаў. Яна лічыцца адным з найлепшых прыкладаў еўрапейскага гарадскога пейзажу ў стылі барока на беларускіх землях.