У Мінску будуюць яшчэ адну снегаплавільную станцыю
Новую снегаплавільную станцыю будуюць на перасячэнні МКАД з вуліцай Ціміразева ў кірунку Заслаўя, піша БелТА.
Першая снегаплавільная станцыя размешчаная на вуліцы Машынабудаўнікоў, другая — у раёне завулка Саф’і Кавалеўскай. Прынцып працы ўсіх аб’ектаў падобны: для растоплівання снегу выкарыстоўваюцца цеплавыя рэсурсы сцёкавых вод гарадской каналізацыі.
Цяпер будаўнікі фарміруюць катлаван для снегаплавільнай камеры. Падземнае збудаванне будзе мець габарытныя памеры 42×18 м і глыбіню 6 м.
Будучая снегаплавільная станцыя зможа перапрацоўваць да 5 тысяч кубаметраў снежнай масы ў суткі.