БЕЛ Ł РУС

Каля 12500 чалавек памерлі ад спёкі ў Германіі ў 2026 годзе

14.08.2026 / 14:23

Nashaniva.com

Часцей за ўсё ў Германіі сёлета ад спёкі паміралі людзі ва ўзросце ад 85 гадоў.

Фота: Markus Schreiber / AP

Колькасць заўчасных смерцяў у Германіі, звязаных з спёкай, у 2026 годзе па стане на 2 жніўня склала каля 12 500. Пра гэта сведчыць чарговая штотыднёвая справаздача Інстытута імя Роберта Коха (RKI), апублікаваная ў чацвер, піша Deutsche Welle.

Навукоўцы адзначаюць, што гэтая ацэнка з’яўляецца кансерватыўнай, то-бок у рэальнасці колькасць смерцяў, выкліканых спякотай, можа быць яшчэ большай.

У RKI таксама адзначаюць, што гэта рэкордны паказчык за апошнія 10 гадоў. Папярэднія пікавыя гады — 2018-ы, калі ад спякоты ў ФРГ памерлі прыкладна 9400 чалавек, і 2019-ы, калі гэты паказчык склаў каля 7700.

Паводле статыстыкі, найбольш моцна экстрэмальна высокія тэмпературы ўдарылі па жыхарах заходніх зямель зямель Саар і Рэйнланд-Пфальц, дзе з-за спякоты памерлі адпаведна 43,4 і 38,7 чалавека на 100 тысяч жыхароў. У сярэднім па краіне паказчык складае 15 смерцяў на 100 тысяч жыхароў.

Калі глядзець па ўзросце, то часцей за ўсё ў Германіі сёлета ад спёкі паміралі людзі ва ўзросце 85 гадоў і старэйшыя — такіх выпадкаў было прыкладна 6300. Больш за 3100 ахвяр спякоты былі ва ўзросце ад 75 да 84 гадоў.

Цяпер у Германію прыйшла новая хваля спякоты, аднак яна ўсё ж слабейшая за тую, што была ў канцы чэрвеня — тады ў многіх рэгіёнах краіны слупок тэрмометра падымаўся вышэй за 40 градусаў па Цэльсіі. Паводле ацэнкі RKI, ад чэрвеньскай спякоты ў ФРГ памерлі каля 5100 чалавек. У цэлым у Еўропе ў тым месяцы магло адбыцца не менш за 12 000 залішніх смерцяў, падлічыла агенцтва AFP.

Чэрвень і ліпень 2026 года аказаліся самымі спякотнымі месяцамі ў Заходняй Еўропе за ўсю гісторыю назіранняў. Сярэдняя тэмпература за гэты перыяд перавысіла аналагічны паказчык 1991—2020 гадоў на 2,79 градуса па шкале Цэльсія, паведаміла еўрапейская Служба па змяненні клімату Copernicus.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула