БЕЛ Ł РУС

Цягнік у Кітаі разагналі да 800 км/г за пяць секундаў

14.08.2026 / 14:36

Nashaniva.com

Гэта можна параўнаць з хуткасцю рэактыўнага самалёта.

Фота: @Chinamission2un / X

Кітайскія інжынеры паставілі новы рэкорд хуткасці для цягнікоў на магнітнай падушцы. Макет цягніка масай у тону здолеў усяго за 5,3 секунды разагнацца да 800 км/г — гэта супастаўна з хуткасцю рэактыўнага самалёта, піша news.cgtn.com.

Гэта ўжо трэці рэкорд запар за апошнія месяцы ў гэтай лабараторыі для макета цягніка на магнітнай падушцы, створанага паводле тэхналогіі маглеў (ад англ. magnetic levitation — «магнітная левітацыя»).

Серыя рэкордаў пачалася ў чэрвені 2025 года, калі макет упершыню ўдалося разагнаць да хуткасці 651 км/г, а затым — да 700 км/г.

У планах інжынераў — дасягнуць хуткасці 1000 км/г.

Вагон, які левітуе над рэйкамі дзякуючы магнітам, разганяецца да высокіх хуткасцяў за кошт адсутнасці трэння і выкарыстання пераменнага электрамагнітнага поля. Пры пракладцы пуцей адхіленні не павінны перавышаць 0,5 мм.

Падчас эксперыменту таксама была прадэманстраваная здольнасць сістэмы да кантраляванага эфектыўнага тармажэння цягніка: макет рэзка спынілі на ўчастку даўжынёй усяго 200 метраў.

У будучыні гэтую тэхналогію кітайскія інжынеры маюць намер выкарыстоўваць для запуску ракет і авіяцыйнай тэхнікі. Па стане на 2026 год у свеце дзейнічаюць шэсць сістэм цягнікоў на магнітнай падушцы на аснове тэхналогіі маглеў — тры ў Кітаі, дзве ў Паўднёвай Карэі і адна ў Японіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула