БЕЛ Ł РУС

«Лос-Анджэлес Лейкерс» можа купіць нашчадак выхадцаў з Беларусі

14.08.2026 / 15:19

Nashaniva.com

Славуты баскетбольны клуб мяняе ўладальніка.

Джош Кушнер. Фота: David Paul Morris/Bloomberg via Getty Images

Амерыканскі мільярдэр Марк Уолтэр узгадніў продаж кантрольнага пакета акцый кансорцыуму на чале з заснавальнікам Thrive Capital Джошам Кушнерам (братам зяця Дональда Трампа) і былым кіраўніком Disney Бобам Айгерам. Сума здзелкі складзе рэкордныя для сусветнага спорту $12,5 млрд, піша ESPN.

Уолтэр перапрадае клуб з нацэнкай у $2,5 млрд, кіруючы ім менш за год. У чэрвені 2025 года ён дамовіўся аб выкупе клуба «Лейкерс» у сям’і Бас за $10 млрд, а NBA канчаткова зацвердзіла яго мажарытарным уладальнікам у кастрычніку.

Прычынай продажу называюць ціск з боку ўладаў. Пракуратура Манхэтэна і Камісія па каштоўных паперах ЗША падазраюць Уолтэра ў падатковых махінацыях, і бізнэсмену тэрмінова спатрэбіўся капітал для пакрыцця фінансавых рызык. Пры гэтым мільярдэр захоўвае іншыя свае спартыўныя актывы, у тым ліку англійскі футбольны клуб «Чэлсі» і бейсбольны «Лос-Анджэлес Доджэрс».

Чакаецца, што куплю клуба «Лейкерс» зацвердзяць на пасяджэнні NBA ў верасні ў Нью-Ёрку. Цяперашні рэкорд утрымлівае сам «Лейкерс» з двума паслядоўнымі продажамі: свежым за $12,5 млрд і леташнім за $10 млрд.

Джош (Джошуа) Кушнер — малодшы брат зяця Трампа Джарэда Кушнера. Яны — сыны Чарльза Кушнера, які нарадзіўся ў сям'і эмігрантаў, што перажылі Халакост на Навагрудчыне.

«Лос-Анджэлес Лейкерс» адзін з самых тытулаваных баскетбольных клубаў свету. Ён 17 разоў выйграваў чэмпіянат НБА. У «Бостан Сэлтыкс» — 18 тытулаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула