Расія адхіліла ідэю перамір’я з Украінай у Чорным моры
Расія не бачыць падстаў для ўвядзення мараторыю на ваенныя дзеянні ў Чорным моры. Пра гэта 14 жніўня заявіла прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава.
Танкер у Чорным моры пасля атакі на яго. Фота: Michael Shtekel / AP
Па словах Захаравай, Масква не зацікаўленая ў «паўмерах», якія, на думку расійскага боку, маглі б даць Украіне часовы перадых. Яна таксама абвінаваціла Украіну ў атаках на суднаходства, назваўшы іх «актамі тэрарызму». Пры гэтым яна не згадала пра расійскія атакі на камерцыйныя судны ў Чорным моры.
Захарава заявіла, што Расія разглядае ўкраінскія атакі як свядомую палітыку, накіраваную на дэстабілізацыю цывільнага суднаходства і далейшае абвастрэнне канфлікту. Паводле яе сцвярджэння, прыкмет паляпшэння сітуацыі Масква не бачыць, таму не лічыць неабходным пагаджацца на часовае спыненне баявых дзеянняў.
Такім чынам расійскі бок адрэагаваў на прапанову Турцыі аб увядзенні мараторыю на ваенныя аперацыі ў Чорным моры. Міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан раней паведаміў, што Анкара перадала Расіі і Украіне адпаведныя прапановы.
Захарава сцвярджае, што афіцыйнай прапановы ад Турцыі Расія пакуль не атрымлівала. Яна таксама заявіла, што Масква не разглядае магчымасць вяртання да Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы 2022—2023 гадоў, якую дапамагала арганізоўваць менавіта Турцыя. Расійская прадстаўніца назвала тую дамоўленасць аднабаковай.
Напярэдадні агенцтва Reuters паведаміла, што Украіна праз пасярэдніка перадала Расіі прапанову аб узаемным спыненні атак на цывільныя аб’екты і суднаходства ў Чорным моры.