У Падмаскоўі беларус забіў іншага беларуса. А пасля ад крыўды раздзеў яго дагала
А пачалося ўсё з таго, што ахвяру званітавала ў таксі, і кіроўца выгнаў абодвух.
Каралёўскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці прысудзіў беларусу Максіму Змушко сем гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён да смерці збіў свайго знаёмага — таксама грамадзяніна Беларусі.
Усё пачалося з застолля. Двое мужчын пілі каля чыгуначнай станцыі, а пасля апоўначы выклікалі таксі, каб вярнуцца дадому. У дарозе знаёмаму стала блага, яго пачало ванітаваць — кіроўца высадзіў абодвух пасярод жылога раёна.
На вуліцы паміж імі ўспыхнула сварка. Знаёмы груба абразіў Змушко, і той ударыў яго па галаве. Каб не прыцягваць увагу, мужчыны адышлі да кантэйнераў са смеццем — там Змушко нанёс ахвяры не менш за чатыры ўдары кулакамі ў твар і галаву. Той упаў, але Змушко працягваў біць, пакуль пацярпелы не перастаў супраціўляцца.
Потым, як ён сам расказаў следству, ён раздзеў ляжачага мужчыну дагала — «бо адчуваў крыўду і хацеў, каб таму таксама было крыўдна». І пайшоў у бок станцыі.
Але не дайшоў. Спыніўся, папрасіў у мінака тэлефон і выклікаў хуткую: маўляў, на зямлі ляжыць голы чалавек, яму патрэбная дапамога. Фельчарка, якая прыехала на выклік, спачатку не змагла знайсці цела — давялося перазвоньваць таму, хто выклікаў. Мужчына спярша сказаў, што гэта не ён тэлефанаваў, а потым перазваніў сам і ўдакладніў месца.
Пацярпелага знайшлі жывым, але без прытомнасці і без дакументаў. У медыцынскіх паперах яго запісалі па татуіроўцы на целе — імя ніхто не ведаў. У бальніцы ён пражыў каля двух тыдняў і памёр у рэанімацыі.
Змушко судзілі за наўмыснае цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці. Ён прызнаў віну і раскаяўся. Сведка з суседняга дома пазнаў яго: у тую ноч ён не спаў, адчыніў акно і пачуў з боку кантэйнернай пляцоўкі гукі, падобныя на ўдары, а потым убачыў мужчыну, які адтуль ішоў. Ёсць і запіс з гарадскіх камер.
Суд улічыў, што Змушко раней не судзілі, што ў яго двое малалетніх дзяцей і састарэлая маці на ўтрыманні, што ён сам выклікаў хуткую, і што канфлікт справакавалі паводзіны самога пацярпелага.
Вынік — сем гадоў зняволення.