У Нарвегіі выйшла анталогія сучаснай беларускай літаратуры
У Нарвегіі ў выдавецтве H//O//F пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай літаратуры «Eksperter på grusomme tider» («Адмыслоўцы шалёнага часу»).
Большую частку твораў пераклала Марына Хобель, якая таксама была рэдактаркай і кіраўніцай гэтага грунтоўнага праекта, піша bellit.info.
Сурэдактарамі выступілі літаратуразнаўца Ульяна Верына і Гунар Вернэс. Над анталогіяй працавала мноства людзей, у тым ліку ілюстратарка Аўгіння Птычка, а дзякуючы фонду Fritt Ord і Культурнай радзе Нарвегіі кніга трапіць у бібліятэкі. У 2021 годзе беларускае аб’яднанне ў Нарвегіі «Разам» ініцыявала краўдфандынг і спонсарская падтрымка ахвярадаўцаў дазволіла кнізе нарэшце выйсці з друку.
«Назву анталогіі даў радок з верша Таццяны Сапач, — тлумачыць Ульяна Верына — што найлепш перадае ўвесь змест, які ахоплівае беларускую літаратуру ў самых розных гістарычных, жанравых, эмацыянальных вымярэннях. Гэта быў для мяне адзін з самых складаных праектаў, які пачаўся ў 2021 ці нават у 2020, у іншым шалёным часе як у іншым жыцці. Мы выпакутавалі гэты змест і канцэпцыю, паслядоўнасць, баланс паэзіі і прозы, колькасць аўтараў і аўтарак — мы з Марынай прымалі няпростыя рашэнні, і не раз. На жаль, у канчатковы варыянт увайшлі не ўсе аўтары і творы, якія былі ў першым (другім, трэцім, пятым…) варыянтах, бо акрамя ўсіх іншых прычын, была яшчэ і пэўная колькасць старонак…»
У анталогіі сярод іншага ёсць аповесць Васіля Быкава «Афганец (Час шакалаў)» (у перакладзе Марціна Паўльсэна), апавяданне Уладзіміра Караткевіча «Блакіт і золата дня», вершы Веніяміна Блажэннага і Людмілы Русавай. Агулам у выданні прадстаўлена 26 аўтараў і аўтарак.
Раздзел з творамі кожнага аўтара і аўтаркі суправаджае кароткі тэкст пра яго ці яе, каб дапамагчы нарвежскаму чытачу зразумець, у чым адметнасць і вартасць кожнага і кожнай.