Пачобут: Паеду ў Беларусь на пачатку верасня. Скончу яшчэ некалькі спраў і паеду
Журналіст і экс-палітвязень чарговы раз заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь, піша «Салідарнасць».
Фота: Lookby.Media
— Канечне, я збіраюся ў Беларусь. Я з Гродна, з Панямоння. І гэта мая радзіма — Гарадзеншчына, — падкрэсліў Андрэй Пачобут у інтэрв'ю аднаму з польскіх каналаў.
— Калі паехаў нядаўна ў Вільню, і там на Віленшчыне пачуў нашу польскую мясцовую памежную мову, клімат там такі ж самы, таму што гэта фактычна адзін рэгіён, адчуў, што быў ужо вельмі блізка да дому, там такая настальгія моцная.
— Безумоўна, я хачу дамоў і паеду на пачатку верасня. Скончу яшчэ некалькі спраў і паеду.
Ведаю, што не ўсе лічаць гэта правільным. У Польшчы нават правялі апытанне, і ледзь не 80% перакананыя ў тым, што я не павінен вяртацца дадому. Іх галоўны аргумент, што тут я зраблю значна больш, чым там.
Нікога з тых, хто дзейнічаў падчас Польскай Народнай Рэспублікі (да 1989 году), тых, з кім я размаўляў, такія аргументы не пераконваюць.
Бо кожны чалавек разумее, што ён аддзяляецца ад сваёй супольнасці, якая знаходзіцца абсалютна ў іншых абставінах. І ты не маеш права казаць ад іх імя.
Многія палякі аказваліся ў падобнай сітуацыі, калі вайна заспела іх за мяжой, і перад імі таксама паўставала дылема — вяртацца ці не. Але можна пабачыць, што шмат хто вяртаўся, пасля яны траплялі ў турмы.
— Як вы сабе ўяўляеце свой пераход мяжы ў Беларусь?
— Аддаеш пашпарт, яго правяраюць, ставяць нейкі штамп ці не — і праязджаю. Так я сабе гэта ўяўляю.
А што будзе далей, хутка даведаемся. Засталося нядоўга.
Андрэй Пачобут — журналіст Gazeta Wyborcza і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Яго затрымалі ў Гродне ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023‑га асудзілі на восем гадоў калоніі паводле абвінавачанняў у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы». Падставай для пераследу, сярод іншага, сталі яго публікацыі і погляды на гістарычныя падзеі.
28 красавіка 2026 года яго вызвалілі пасля больш як пяці гадоў няволі ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай і перадалі польскаму боку. Сам Пачобут настойвае, што яго дом застаецца ў Гродне.