Вясельны шар пераляцеў 900 км з Берліна да мяжы з Беларуссю
На паперы па-нямецку было напісана «Віншуем з вяселлем», а таксама просьба да таго, хто знойдзе шар, паведаміць месца знаходкі.
Маленькі чырвоны шар, запушчаны на вяселлі ў Берліне, завяршыў сваё падарожжа больш чым за 900 кіламетраў на ўсход — у Белавежскай пушчы, на мяжы Польшчы з Беларуссю. Пра гэта паведамілі ў пятніцу польскія лясныя службы, паведамляе AFP.
Шар, які зачапіўся за галіну дрэва, заўважыў ляснік падчас звычайнага абходу. Да вяроўкі шара была прымацавана невялікая, старанна загорнутая паперка.
«Маленькі кавалак паперы, добра загорнуты, быў прывязаны да вяроўкі шара», — напісалі ў лясным раёне Броўск на сваёй старонцы ў Facebook, дзе апублікавалі фота знаходкі.
На паперы па-нямецку было напісана «Alles Gute zur Hochzeit» (Віншуем з вяселлем), а таксама просьба да таго, хто знойдзе шар, паведаміць месца знаходкі. Высветлілася, што шар запусцілі госці на вяселлі ў сталіцы Германіі.
«Парывы ветру панеслі яго на ўсход. Ён пераляцеў амаль 900 кіламетраў, перасек мяжу і прызямліўся ў сэрцы нашай пушчы, бяспечна ўладкаваўшыся на галіне», — напісалі леснікі, якія адправілі шар па пазначаным адрасе.