Тры краіны Еўропы рыхтуюць уласны фармат мірных перамоў па Украіне
Еўрапейскія краіны асцерагаюцца, што ключавыя дамоўленасці адносна Украіны могуць быць прынятыя без іх.
Уладзімір Зяленскі, ужо былы прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармер, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц на ганку рэзідэнцыі прэм'ера Брытаніі. Фота: Kin Cheung / AP
Францыя, Германія і Вялікабрытанія працуюць над уласным фарматам перамоў па Украіне, баючыся, што ЗША могуць пакінуць Еўропу па-за межамі ключавых дамоўленасцяў, піша РБК-Украіна.
Паводле слоў пяці еўрапейскіх чыноўнікаў, тры краіны аб'ядналі намаганні, каб забяспечыць Еўропе месца за сталом перамоў. Як адзначылі два высокапастаўленыя еўрапейскія дыпламаты і адзін высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік, Францыя і Германія адыгрываюць вядучую ролю ў фарміраванні агульнай еўрапейскай пазіцыі.
Вялікабрытанія дзейнічае больш асцярожна, у прыватнасці праз асцярогі пагоршыць адносіны з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
У той жа час еўрапейскія дыпламаты падкрэсліваюць, што адносіны з Расіяй і ўрэгуляванне вайны ва Украіне маюць непасрэднае значэнне для бяспекі Еўропы. Таму яны хочуць гарантаваць, каб Вашынгтон і Масква не заключылі ніякай дамоўленасці без ведама еўрапейскіх саюзнікаў.
Пакуль мала прыкмет таго, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін гатовы да сур'ёзных перамоў. Еўрапейскія чыноўнікі чакаюць, што калі дыпламатычны працэс пачнецца, вядучую ролю ў перамовах з Масквой будуць адыгрываць ЗША.
Францыя, Германія і Вялікабрытанія, вядомыя як фармат «E-тры», з'яўляюцца ядром «кааліцыі ахвотных», якая падтрымлівае Украіну. Яны таксама распрацоўвалі варыянты ваенных і бяспекавых гарантый для Украіны пасля заключэння магчымай мірнай дамоўленасці.
У той жа час, паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, да кансультацый неабходна прыцягнуць Польшчу, Італію і краіны Паўночнай Еўропы. Еўрапейскі Саюз таксама павінен быць праінфармаваны і пазней далучаны да працэсу.
Пры гэтым некаторыя дзяржавы, у прыватнасці краіны Балтыі і Венгрыя, не цалкам давяраюць Францыі і Германіі ў прадстаўленні іхніх інтарэсаў.
У Міністэрстве замежных спраў Вялікабрытаніі заявілі, што цяперашняя дыскусія застаецца спекулятыўнай. Прадстаўнік ЕС падкрэсліў, што розныя дыпламатычныя намаганні дапаўняюць адно аднаго, а не канкуруюць паміж сабой.